20 траўня 2024, панядзелак, 22:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Станіслаў Шушкевіч стаў Камандорам (Фота)

53
Станіслаў Шушкевіч стаў Камандорам (Фота)

Першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч узнагароджаны крыжом Камандора ордэна Вітаўта Вялікага.

Урачыстая цырымонія прайшла 6 ліпеня ў прэзідэнцкім палацы Вільні. Прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ, уручаючы крыж Камандора, падзякавала Станіславу Шушкевічу за актыўную падтрымку незалежнасці Літвы ў 1991 годзе.

- Вы даеце нам магчымасць яшчэ раз праверыць сябе і сваю грамадзянскасць. Гледзячы на ваш прыклад, мы ставім для сябе ўсё больш высокія патрабаванні, - сказала Даля Грыбаўскайтэ падчас узнагароджання. - Толькі праз прасоўванне дэмакратычных каштоўнасцяў і творчага патэнцыялу Літва можа лічыцца адкрытай сучаснай дзяржавай. Я хачу павіншаваць усіх з днём дзяржаўнасці і з 600-й гадавінай бітвы пад Грунвальдам. Я жадаю вам мужнасці, рашучасці і энтузіязму.

На цырымоніі ўручэння дзяржаўных узнагарод Літвы Станіслава Шушкевіча суправаджалі яго жонка Ірына Шушкевіч, кандыдат у прэзідэнты Беларусі Андрэй Саннікаў з жонкай Ірынай Халіп і намеснік старшыні Цэнтральнай Рады Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады Святлана Губейка.

Сам ардэнаносец прыехаў у Вільню напярэдадні ўвечары. Праўда, адпачыць перад цырымоніяй Шушкевічу не ўдалося: увесь вечар у яго гасцінічны нумар грукалі літоўскія журналісты, і большасць з іх пачыналі свае інтэрв'ю словамі: «Мы, вядома, разумеем, што ў вас мноства ўзнагарод, але ўсё ж такі што для вас азначае менавіта гэтая?» І не маглі паверыць, калі Шушкевіч тлумачыў ім, што гэта першая ўзнагарода ў яго жыцці.

І ўсё ж такі, што адчувае кавалер крыжа Камандора ордэна Вітаўта Вялікага?

-- Я вельмі ганаруся, бо гэта самая высокая літоўская ўзнагарода Літвы. Так атрымлівалася, што ў самыя цяжкія моманты гісторыі гэтай краіны я аказваўся побач. Напрыклад, у 1990 годзе, калі ў Вільні захапілі тэлецэнтр і была пагроза разгону парламента. Шмат у чым менавіта літоўцы адкрылі мне вочы на сутнасць савецкага рэжыму, шмат чаго мне стала зразумела, дзякуючы дзеянням літоўскіх палітыкаў, іх барацьбе за незалежнасць.

Я спадзяюся, што мая Беларусь пойдзе па гэтым шляху. Вядома, беларускае грамадства знявечанае прымусовым камунізмам значна мацней літоўскага. Але я ўпэўнены, што і наша краіна стане вольнай, незалежнай, дэмакратычнай дзяржавай і зойме годнае месца ў Эўропе. Наперадзе прэзідэнцкія выбары. Гэта пачатак пераломнага моманту, гэта змена шляху. Калі мы абярэм разумнага прэзідэнта, то пераходны перыяд да годнага жыцця будзе нядоўгім, - заявіў пасля цырымоніі ў інтэрв'ю charter97.org Станіслаў Шушкевіч.

Станіслаў Шушкевіч і Даля Грыбаўскайтэ

Станіслаў Шушкевіч з жонкай Ірынай, прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўйскайтэ і Андрэй Саннікаў

Станіслаў Шушкевіч з жонкай Ірынай, прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўйскайтэ і Ірына Халіп

Святлана Губейка, Ірына Шушкевіч, Даля Грыбаўскайтэ, Станіслаў Шушкевіч, Ірына Халіп, Андрэй Саннікаў

Камандор Станіслаў Шушкевіч

Напісаць каментар 53

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках