18 красавiка 2024, Чацвер, 21:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

На радзіме Лукашэнкі неспакойна

31

Жыхары Шклоўскага раёна пратэстуюць супраць будаўніцтва экалагічна шкодных сельскагаспадарчых аб’ектаў.

У вёсцы Стараселле Шклоўскага раёна акцыянернае таварыства «Александрыйскае» збіраецца ўзвесці птушкафабрыку і ўзбуйніць свінакомплекс з дваццаці пяці тысячаў галоваў да пяцідзесяці. Акрамя свінакомплексу, побач з вёскай Стараселле ужо збудавалі буйную малочнатаварную ферму. Будаўніцтва гэтых аб’ектаў небяспечнае для навакольнага асяроддзя і здароўя людзей, лічаць вяскоўцы. Каб супакоіць пратэсты, улада ў Стараселлі правяла грамадзкія слуханні, перадае «Радыё Свабода».

На гутарку з народам улада пайшла пасля шматлікіх скаргаў вяскоўцаў на аб’екты, якія ўжо існуюць. Людзі пісалі ў мясцовыя прыродаахоўныя інспекцыі, звярталіся ў адпаведнае міністэрства. Сваё абурэнне яны выказвалі ў лістах кіраўніцтву Нацыянальнага банку, які апякуецца таварыствам «Александрыйскае». Дасылалі скаржнікі і фотаздымкі несанкцыянаваных магільнікаў.

«Мы заўжды ганарыліся чыстым паветрам у нашай вёсцы. У нас была чыстая вада. Ад гэтага ў нас цяпер нічога няма. Калі вецер дзме з усходняга боку, нам усім гамон. Глеба, як высвятляецца, не ўсмоктвае гнаявой жыжкі, і ў сцёкі яна не трапляе. Чаму ў адным месцы канцэнтруецца столькі небяспечных аб’ектаў, невядома. Гэта проста дыверсія па знішчэнні вёскі Стараселле», — заяўляла на грамадзкіх слуханнях жыхарка вёскі Вольга Якаўлева.

Пераконвалі вяскоўцаў у тым, што ўзвядзенне дзясятка цэхаў птушкафабрыкі са свінакомплексам не пашкодзяць навакольнаму асяроддзю, супрацоўнікі навукова-даследчага інстытута «Экалогія». Паводле даследванняў гэтага інстытута, шкоды ад гаспадарчай дзейнасці сельгасаб’ектаў не будзе, праўда, пры ўмове выканання ўсіх захадаў бяспекі.

«Раней вы кароваў ганялі па вёсцы, і было нармальна. Сёння транспарт праехаў, бочка з гноем — і ўжо дрэнна. Цяпер уявіце, што гэты праект сыдзе адсюль. Што будзе з вёскамі, колькі яны праіснуюць? Дачнікі там будуць, якія жывуць у горадзе, там зарабляюць, а сюды будуць прыяжджаць, каб адпачыць. Тутэйшым жа не застанецца ні працы, ні заробкаў, ні грошай», — адказваў на абурэнне людзей загадчык аддзела прамысловай экалогіі інстытута Віктар Ходзін.

Дзяржаўныя эколагі, ведучы даследванні ў наваколлях Стараселля, самі сутыкнуліся з фактамі парушэння прыродаахоўнага заканадаўства. У ручай злівалі адкіды з ачышчальных збудаванняў забойнага цэху, а адна з фермаў наагул была ў недагледжаным стане. Казалі супрацоўнікі інстытута і пра іншыя парушэнні. Па падрабязнасці параілі звярнуцца да іх калегаў з раённай прыродаахоўнай інспекцыі. Тыя адмовіліся гутарыць, спаслаўшыся на неабходнасць тэрміновага ад’езду.

Што да скаргаў людзей, дык кіраўнік гаспадаркі Віктар Дзюрдзь назваў іх неабгрунтаванымі, а фотаздымкі — падробкамі: маўляў, фатаграфавалі ў іншых гаспадарках. Вяскоўцаў жа, якія збіралі подпісы пад пратэстамі, Дзюрдзь назваў ашуканцамі. Паводле яго словаў, людзей змушалі распісвацца на чыстых аркушах паперы.

Гэта кіраўніцтва запалохвала людзей, каб тыя адмаўляліся ад сваіх подпісаў, цвердзіць жыхарка вёскі Інэса Якаўлева. У вёсцы амаль усе залежыць ад начальства, таму баяцца казаць уголас, што думаюць:

«Гэта характарызуе іх далёка не са станоўчага боку і як кіраўнікоў, і як мужчынаў. Яны самі баяцца таго, што тут робіцца. Яны проста гэтага не паказваюць. Проста яны зарабляюць добрыя грошы, займаюць добрыя пасады, і яны баяцца гэта ўсё страціць».

Акцыянернае таварыства «Александрыйскае» ўтворанае на базе калгасаў «Дняпроўскі» і імя Дзяржынскага. За няпоўнае дзесяцігоддзе таварыства паглынула яшчэ чатыры гаспадаркі. Яго тэрыторыя займае каля паловы Шклоўскага раёна. Таварыству належыць і малочны камбінат у райцэнтры. Цэнтральная сядзіба гаспадаркі — вёска Александрыя. У ёй вырас Аляксандр Лукашэнка. Згодна з афіцыйнымі крыніцамі, усё, што будуецца ў таварыстве «Александрыйскае», адпавядае найноўшым сельскагаспадарчым тэхналогіям.

Напісаць каментар 31

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках