Расея часова спыніла пастаўляць збожжа ў іншыя краіны
1- 16.08.2010, 9:13
Часовая забарона на экспарт збожжа і мукі набыла сілу ў Расеі 15 жніўня.
Забарона на вываз з тэрыторыі краіны пшаніцы і месліна, ячменю, жыта, кукурузы, а таксама мукі пшанічнай ці пшанічна-жытняй будзе дзейнічаць па 31 снежня, паведамляе БелаПАН.
Аналагічныя меры Расея прапанавала ўвесці Беларусі і Казахстану, якія з'яўляюцца ўдзельнікамі Мытнага саюза. Аднак гэтыя краіны пакуль не далучыліся да забароны экспарту.
Сёлета з-за анамальнай спёкі і засухі, якія ў апошнія некалькі тыдняў зафіксаваныя ў шэрагу рэгіёнаў Расеі, ужо загінулі больш за 5 млн. га сельскагаспадарчых культураў. Кошты на збожжа ў Расеі падскочылі ў 1,5-2 разы. На 30-40% павялічыліся і сусветныя кошты на збожжа.
Падчас працоўнай паездкі Аляксандра Лукашэнкі ў Менскую вобласць 13 жніўня міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Міхаіл Русы паведаміў, што ўраджай збожжавых у Беларусі без уліку кукурузы ў цяперашнім годзе складзе каля 7 млн. тон. Лукашэнка ў сваю чаргу заявіў, што Беларусі неабходна атрымаць максімальныя даходы ад сельгасвытворчасці ва ўмовах росту сусветных коштаў: «Трэба ад сельгасвытворчасці ў гэтай сітуацыі атрымаць максімум прыбытку. Мы нічога не хаваем: у нас няма нафты і газу, нам кожны год узнімаюць на гэта кошты. Калі ласка, мы таксама прадаём і хочам з улікам росту коштаў на вуглевадародную сыравіну і іншыя складнікі сабекошту атрымаць сваё шчасце ў гэтым кошце».
Каментуючы рашэнне Расеі аб забароне экспарту збожжа, Лукашэнка выказаў меркаванне, што неўзабаве такая забарона будзе знятая: «Не ведаю, якая ў Расеі складаецца сітуацыя, ім лепш відаць. Але заўсёды трэба вызначаць мэту. Не экспартаваць збожжа — гэта што? Пакінуць яго ў сабе? Навошта? Не думаю, што сёння ў Расеі не хапае збожжа, каб накарміць народ. Звышдастаткова. Я нават не думаю, што ў Расеі будзе не хапаць фуражнага збожжа. Тармажэнне па экспарце, мне здаецца, расейскі ўрад учуе і ўсё ж прыадкрые брэш, каб прадаць збожжа».