10 чэрвеня 2026, Серада, 1:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гандляра зброяй Віктара Бута экстрадуюць у ЗША

22

Віктар Бут падазраецца Амерыкай ў продажы зброі баявікам Анголы, Конга, Ліберыі, С'ера-Леонэ і Калумбіі.

Апеляцыйны суд Тайланда ў пятніцу вынес рашэнне аб экстрадыцыі ў ЗША расейца Віктара Бута, які абвінавачваецца ў нелегальным гандлі зброяй. Суд прыйшоў да высновы, што справа «зброевага барона» не з'яўляецца палітычнай і на падставе гэтага задаволіў запыт Злучаных Штатаў аб яго экстрадыцыі, паведамляе NEWSru.com. Таксама суд вырашыў, што амерыканскі бок не абавязаны даваць доказную базу ў Тайландзе. На працягу двух гадоў Бут знаходзіўся ў турме «Клонг прэм».

Працэдура выдачы расейца павінна заняць не больш за тры месяцы, перадае «Інтэрфакс». Хутчэй за ўсё ўжо ў найбліжэйшыя некалькі дзён бізнэсмэна адправяць у Злучаныя Штаты.

Раней амерыканскі бок падаў у судзе Тайланда новыя абвінавачванні супраць расейца. У цяперашні час амерыканскія следчыя інкрымінуюць Буту яшчэ і махлярства. Як лічаць эксперты, калі новай справе будзе дадзены ход, дык экстрадыцыя можа быць адтэрмінаваная. Сам Віктар Бут адмаўляе ўсе высунутыя супраць яго абвінавачванні і заяўляе, што ніколі не гандляваў зброяй, а займаўся легальнымі авіяперавозкамі.

У чацвер на рэгулярным брыфінгу для журналістаў памочнік дзяржсакратара ЗША па сувязях з грамадскасцю і прэсай Філіп Кроўлі прызнаў, што амерыканскі ўрад ЗША аказвае ціск на ўлады Тайланда з сувязі са справай Бута. Па словах Кроўлі, амерыканская адміністрацыя падтрымлівала на працягу гэтага тыдня кантакт з тайскімі ўладамі, што падкрэслівае самы высокі прыярытэт гэтай справы для Злучаных Штатаў. Як удакладніў Кроўлі, ЗША, у прыватнасці, выклікалі па гэтым пытанні ў дзярждэпартамент амбасадара Тайланда ў Вашынгтоне. Акрамя таго, амерыканскі амбасадар у Бангкоку высвятляў сітуацыю ў МЗС Тайланда.

На працягу ўсяго тэрміна ўтрымання Бута пад вартай суд Тайланда неаднаразова адмаўляў яго адвакатам у выхадзе іх падабароннага на свабоду пад заклад. Судовыя ўлады спасылаліся на адмову пракуратуры ў вызваленні абвінавачванага да суда, матывуючы небяспекай яго ўцёкаў. У жніўні мінулага года прадстаўнікі пракуратуры заявілі, што зробяць усё магчымае, каб не дапусціць выхаду пад заклад расейскага бізнэсмэна.

Віктар Бут быў затрыманы ў Бангкоку ў сакавіку 2008 года па запыце ЗША. Амерыканскае правасуддзе сцвярджае, што Бут датычны да нелегальнага гандлю зброяй, і, у тым ліку, ён збіраўся прадаць партыю групоўцы Рэвалюцыйных узброеных сілаў Калумбіі (FARC). У жніўні 2009 года ўсе абвінавачванні з бізнэсмэна былі знятыя. Крымінальны суд Тайланда адмовіў ЗША ў экстрадыцыі расейца. Амерыканскі бок падаў апеляцыю на гэтае рашэнне.

Справа Віктара Бута

Імя Віктара Бута ўпершыню патрапіла ў дакументы ў сувязі з падазрэннямі ў кантрабандзе зброі яшчэ 10 гадоў таму. У 2000 годзе быў апублікаваны даклад ААН, у якім апісвалася дзейнасць усходнееўрапейскага картэля, які займаецца пастаўкамі зброі баявікам Анголы, Конга, Ліберыі, С'ера-Леонэ.

На чале гэтага аб'яднання, паводле дадзеных ААН, стаяў адстаўны лётчык з Расеі Віктар Бут. Як адзначалася ў дакладзе, Бут выкарыстоўвае прынамсі 7 пашпартоў і прозвішчаў для пагадненняў і перамяшчэння па свеце. Сцвярджалася, што Бут ажыццявіў не менш за 38 пагадненняў па пастаўцы зброі паўднёваафрыканскім паўстанцам, у тым ліку і групоўцы УНІТА. Баявікі набылі сродкі супрацьпаветранай абароны, артылерыйскія гарматы, СТКРСы, ЗРК і боепрыпасы да мінамётаў.

Як было ўсталявана, самалёты кампаніі Air Cess, якая належаць Буту, былі прыпісаныя да краінаў, якія маюць ільготны рэжым кантролю, што дазваляла дастаўляць зброю не выклікаючы падазрэнняў у незаконнасці прадпрыемства. Як усталявалі эксперты ААН, у легалізаванні паставак Буту дапамагаў грамадзянін Вялікабрытаніі па прозвішчы Хэрыдайн. Усе грузы дастаўляліся на падстаўныя асобы.

У дакладзе адзначалася, што Бут гандляваў узбраеннямі, вырабленым на заводах Украіны, Малдовы і Баўгарыі. Прыбытак ад гандлю быў велізарным, сцвярджалі ў ААН, толькі УНІТА збывала за год алмазаў на суму больш за 150 мільёнаў даляраў. Гэтыя алмазы, якія здабываюцца пад кантролем паўстанцаў, і з'яўляліся асноўнай валютай пры пастаўках узбраенняў у Афрыку.

Пасля з'яўлення дакладу Бут абверг усе абвінавачванні і заявіў, што з'яўленне такога кампрамату - справа рук трэцяга боку, якому выгодна выцясненне з паўднёваафрыканскага рынку фірмы Air Cess. Як сцвярджаў Бут, яго кампанія займаецца расейскай тэхнікай, працуе ў Афрыцы, але ніколі не мела справы са зброяй. Тым не менш пасля скандалу Бут быў абвешчаны ў міжнародны вышук.

У 2005 годзе ААН выступіла з заклікам да ўсіх краінаў замарозіць маёмасць двух партнёраў Віктара Бута, а таксама абмежаваць іх перамяшчэнне. Гаворка ішла пра Рычарда Чыхаклі, грамадзяніна ЗША сірыйскага паходжання, якога называлі галоўным фінансістам Віктара Бута ў Амерыцы, а таксама Валерыя Найдо, правую руку Бута ў Паўднёвай Афрыцы.

У 2006 годзе ў ЗША было прынятае рашэнне пра замарожванне актываў шэрагу палітычных дзеячаў і прадпрымальнікаў, якія нясуць, на думку Белага дома, адказнасць за бесперапынныя ўзброеныя канфлікты ў Дэмакратычнай рэспубліцы Конга. У ліку такіх асобаў быў і Віктар Бут.

Як упэўненыя ў Вашынгтоне, Бут, які служыў калісьці ў ВПС СССР, перавозіў зброю са складоў Савецкай арміі ва Усходняй Еўропе, а таксама ў некаторых краінах былога СССР. У прыватнасці, паводле дадзеных арганізацыі Amnesty International, зброя з Украіны перапраўлялася ў Танзанію і Уганду на караблях пад грэчаскім сцягам.

Дарэчы, доўгі час Віктар Бут служыў афіцэрам у беларускім горадзе Віцебску.

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках