Часовы павераны Эстоніі сышоў у адстаўку з-за ананімнага ліста
7- 25.08.2010, 9:00
24 жніўня часовы павераны ў справах Эстоніі ў Беларусі Хары Лахтэйн падаў у адстаўку.
Звязана гэта з абвінавачваннямі з боку 20-гадовай жыхаркі Менска ў сэксуальных дамаганнях, паведамляе БелаПАН са спасылкай на эстонскую газету Postimees.
Прэс-сакратар МЗС Эстоніі Керсты Луха паведаміла, што міністэрства пачало ўнутранае расследаванне ў сувязі з ананімным лістом, якое меркаваная пацярпелая накіравала ў розныя арганізацыі ўвечары 23 жніўня.
«Хары Лахтэйн сёння падаў міністэрству заяву аб адстаўцы, якая была прынятая. Заява была звязаная з тым лістом», - сказала Луха.
Аўтар ананімнага ліста, дасланага ў рэдакцыю Postimees, 20-гадовая жыхарка Менска, сцвярджае, што пазнаёмілася з Лахтэйном каля года таму і стала ахвярай яго сэксуальных дамаганняў. У знак падзякі Лахтэйн нібыта зрабіў аўтарцы ліста і яе сяброўкам шэнгенскія візы.
Да ліста былі прыкладзеныя фотаздымкі вячорак у рэстаране, на якіх бачна, як Лахтэйн бавіць час з маладымі жанчынамі за сталом, абстаўленым напоямі.