Беларускія міратворцы адправяцца ў Ліван
14- 3.08.2010, 9:13
Дзевяць прадстаўнікоў Узброеных сілаў Беларусі адправяцца ў Ліван для ўдзелу ў дзейнасці па падтрыманні міру і бяспекі ў гэтай краіне.
Аляксандр Лукашэнка 2 жніўня падпісаў указ № 400 «Аб накіраваньні вайскоўцаў Узброеных сілаў Рэспублікі Беларусь для ўдзелу ў дзейнасці па падтрыманні міжнароднага міру і бяспекі ў Ліванскай Рэспубліцы». Група беларускіх міратворцаў будзе знаходзіцца ў складзе Часовых сілаў Арганізацыі Аб'яднаных Нацыяў у Ліване, паведамляе БелаПАН.
Беларускія вайскоўцы прымуць удзел у місіі ААН у якасці афіцэраў штаба місіі, урачоў шпіталя, а таксама спецыялістаў па ваенна-грамадзянскім узаемадзеянні. Функцыянальныя абавязкі беларускіх прадстаўнікоў будуць звязаныя з інфармацыйным забеспячэннем дзейнасці місіі, аказаннем медыцынскай дапамогі міратворцам, ажыццяўленнем узаемадзеяння Часовых сілаў з грамадзянскім насельніцтвам і грамадскімі арганізацыямі.
Рашэнне аб накіраванні беларускіх спецыялістаў «прынятае на падставе абавязальніцтваў Беларусі, якія вынікаюць з далучэння рэспублікі ў 2001 годзе да сістэмы Рэзервовых пагадненняў ААН, якія рэгулююць удзел дзяржаваў — чальцоў арганізацыі ў міратворчай дзейнасці, а таксама ў адпаведнасці з законам Рэспублікі Беларусь ад 29 лістапада 2003 года № 254-З «Аб парадку накіравання вайскоўцаў, асобаў кіроўнага і радавога складу органаў унутраных справаў, органаў фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь, органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях, пракурорскіх працаўнікоў, грамадзянскага персаналу па-за межы Рэспублікі Беларусь для ўдзелу ў дзейнасці па падтрыманні міжнароднага міру і бяспекі».