З «Народнай волі» не атрымалася спагнаць амаль 100 мільёнаў рублёў
13- 3.08.2010, 10:51
Прарэктар Гомельскага ўніверсітэта Сяргей Ханеня не атрымае ад «Народнай волі» 95 мільёнаў 500 тысячаў рублёў.
Цяжка сказаць, чым кіраваўся прарэктар Гомельскага дзяржаўнага універсітэта Сяргей Ханеня, калі накіроўваў скаргу ў Ленінскі раённы суд Менска. Ён прасіў спагнаць з рэдакцыі газеты «Народная воля» на яго карысць ні многа ні мала, а… 95 мільёнаў 500 тысячаў рублёў. Хоць газета і аператыўна расставіла кропкі над «і», паведаміўшы чытачам, што ў публікацыі, у якой сярод іншых прыгадваецца і прозвішча С.Ханені, размова ідзе не пра яго гадавы заробак, а пра яго гадавы даход.
Каб пацвердзіць, што рэдакцыя гатовая давесці ўдакладненую інфармацыю да кожнага яго патэнцыяльнага выбаршчыка (у гэты час ён балатаваўся кандыдатам у дэпутаты гарадскога Савета), С.Ханеню было прапанавана ўключыць журналістаў «Народнай волі» ў агітацыйную групу. Ад такой прапановы ён адмовіўся, пры гэтым палічыў недастатковым прабачэнне газеты са сваіх старонак.
Суд першай інстанцыі вынес рашэнне поўнасцю адмовіць С.Ханеню ў яго патрабаваннях да «Народнай волі». Ён не пагадзіўся з такім вердыктам: у касацыйнай скарзе ён прасіў Менскі гарадскі суд адмяніць рашэнне суда Ленінскага раёна Менска поўнасцю і накіраваць справу на новы разгляд.
Суд і на гэты раз вынес рашэнне: недакладнасць, якая выпадкова з’явілася ў газетным матэрыяле і якая была тэрмінова выпраўленая, не прыніжае яго гонар і годнасць. Рашэнне раённага суда зацверджанае. Таму С.Ханеня не атрымае 95 мільёнаў 500 тысячаў рублёў ад «Народнай волі».