Літва збіраецца будаваць газаправод у абыход Расеі
13- 3.08.2010, 11:41
Літва мае намер пабудаваць газаправод Amber, які злучыць краіны Прыбалтыкі з газатранспартнай сістэмай ЕЗ у абыход Расеі.
У красавіку 2010 года Літва і Польшча падалі ў Еўракамісію заяўку на будаўніцтва Amber у межах праграмы развіцця еўрапейскіх энергетычных сетак. 2 жніўня аператары газатранспартных сістэмаў Польшчы і Літвы Gaz System і Lietuvos Dujos падпісалі мемарандум па будаўніцтве Amber. Гэты дакумент, які будзе перададзены ў Еўракамісію ў першым квартале 2011 года, прадугледжвае правядзенне аналізу мэтазгоднасці будаўніцтва Amber, перадае Lenta.ru.
Новы трубаправод прапускной здольнасцю да 5 мільярдаў кубаметраў газу ў год пройдзе з Літвы ў Польшчу. Гэтага аб'ёму паліва хопіць каб забяспечыць запатрабаванні ў газе Літвы, Латвіі і Эстоніі. Кошт праекта, які будзе завершаны да 2015 года, ацэньваецца ў 600 мільёнаў еўра.
У выпадку рэалізацыі праекта Літва зможа атрымліваць газ з польскага тэрмінала звадкаванага прыроднага газу, які будуецца. Зараз адзіным пастаўшчыком газу ў Літву з'яўляецца расейскі «Газпрам».
Варта адзначыць, што паралельна ўлады Літвы ініцыявалі падзел Lietuvos Dujos на транспартны і гандлёвы складнікі, таксама спрабуючы пазбавіцца ад уплыву «Газпрама».
Зараз больш за 37 адсоткаў Lietuvos Dujos належыць расейскаму канцэрну. Сярод іншых акцыянераў кампаніі лічацца нямецкая E.ON Ruhrgas і ўрад Літвы. Gaz System S.A належыць ураду Польшчы.
Краіны Прыбалтыкі плацяць за расейскі газ самыя высокія кошты ў ЕЗ. Так, кошт прыроднага газу ў Літве на 100-150 даляраў вышэй за кошты на газ у Заходняй Еўропе.