У Менску пагоршылася якасць вадаправоднай вады
7- 3.08.2010, 16:59
Звязана гэта з цвіценнем вадаёмаў з-за спякоты.
Як паведаміў БелаПАН галоўны ўрач Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Фрунзенскага раёна сталіцы Аляксандр Войцік, рэакцыя, якая адбываецца пры злучэнні рэштак сіне-зялёных водарасцяў з малекуламі хлору, якім апрацоўваецца вада, выклікае змену яе колеру.
Актыўнае цвіценне водарасцяў звязанае са спякотай, якая ўсталявалася ў Менску ў апошнія тыдні, патлумачыў спецыяліст. Пры пахаладанні вада набудзе свой звычайны выгляд.
Па словах Войціка, для паляпшэння ўласцівасцяў вады выкарыстоўваецца дадатковае хлараванне і азанаванне. Галоўурач Цэнтра гігіены таксама адзначыў, што ў цяперашні час кантроль якасці вады ўзмоцнены. Вада адпавядае гігіенічным патрабаванням, якія вызначаюцца да вады, прызначанай для піцця і выкарыстання ў гаспадарча-побытавых мэтах, заявіў ён, але пры гэтым парэкамендаваў выкарыстоўваць для піцця бутыліраваную ваду.
Як паведамілі БелаПАН на прадпрыемстве «Менскводаканал», ва ўсіх раёнах горада вада адпавядае гігіенічным патрабаванням. Ваду з наземных крыніцаў Вілейска-Менскай воднай сістэмы пасля адпаведнай ачысткі выкарыстоўваюць у сталіцы жыхары Фрунзенскага, Цэнтральнага Маскоўскага і Кастрычніцкага раёнаў. У астатнія раёны горада вада паступае спажыўцам з артэзіянскіх свідравінаў глыбінёй 80—300 метраў, размешчаных на тэрыторыі шасці раёнаў Менскай вобласці на адлегласці да 80 кіламетраў ад горада.