9 чэрвеня 2026, aўторак, 16:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Казахстан акажа Беларусі мядзведзеву паслугу?

10

Казахстан гатовы падтрымаць Беларусь нафтай, папярэдне падвысіўшы на яе экспартныя пошліны.

Нафтавая праблема працягвае вісець над Беларуссю дамоклавым мячом. Кошты, якія пастаянна паўзуць угару на нафтапрадукты, прымушаюць афіцыйны Менск шукаць усё новыя і новыя альтэрнатывы для захавання дзяржбюджэту: ужо правераная Венесуэла, запланаваны Іран, упарты Азербайджан... Тым часам адносіны з Расеяй нават у рамках Мытнага саюза працягваюць напальвацца, піша Open.by.

Венесуэла радуе нас ужо не першым танкерам. І справа тут нават не ў цане, а ў той самай незалежнасці ад Расеі, якая на паверку, дарэчы, можа аказацца даволі далікатнай. Не трэба забываць, што Уга Чавеса пакуль яшчэ не паставілі перад складаным геапалітычным выбарам, ён дае Беларусі нафту і прызнае Абхазію і Паўднёвую Асецію - як гаворыцца, і ваўкі сытыя і авечкі цэлыя.

Але адной венесуэльскай нафты мала, гэта разумее кожны: незалежнасць атрымліваецца нейкай залежнай. Адсюль і сяброўскія вектары: у Азербайджан, у Іран і іншыя краіны, пра якія мы нават можам пакуль не ведаць.

Баку, дарэчы, так нафты і не даў. На працягу апошніх гадоў Менск прадпрымаў ужо некалькі спробаў дамовіцца з Азербайджанам пра пастаўкі нафты ў Беларусь. Гэтыя спробы пачаліся яшчэ да расейска-беларускай «нафтавай вайны».

Менск прапаноўваў Баку некалькі варыянтаў паставак, якія, паводле версіі Аляксандра Лукашэнкі, павінны стаць альтэрнатывай пастаўкам з Расеі. У ліку гэтых варыянтаў разглядаліся трубаправодныя пастаўкі з выкарыстаннем нафтаправода Адэса-Броды, пастаўкі нафты азербайджанскімі кампаніямі для перапрацоўкі на беларускіх НПЗ і, нарэшце, самастойная (альбо на парытэтных асновах) здабыча Беларуссю нафты ў Азербайджане.

Аднак прапановы Менска цікавасці ў Баку так і не выклікалі. Справа ў тым, што ўсе варыянты дастаўкі азербайджанскай нафты ў Беларусь спалучаныя са значнымі транспартнымі выдаткамі, а значыць, камерцыйна нявыгадныя.

З іншага боку, Менск не мог прапанаваць Баку нешта, дзеля чаго азербайджанскі бок рашыўся б на праект, які прымусіць перайсці дарогу Маскве.

Нягледзячы на вялікую шуміху вакол іранскай нафты ў сувязі з планаваным на кастрычнік візітам Аляксандра Лукашэнкі ў гэтую краіну, падчас якога ён разам з прэзідэнтам Ірана адкрые прамысловую эксплуатацыю радовішча «Джуфеір», вялікія надзеі на сыравіну або прыбыткі адтуль ускладаць таксама не варта.

Раней першы віцэ-прэм'ер урада Беларусі Уладзімір Сямашка казаў пра тое, што спачатку гаворка можа ісці толькі пра 1,5 млн тонаў іранскай нафты. Нельга скідаць з рахункаў і той факт, што супрацоўніцтва з гэтай краінай у святле апошніх санкцый не будзе такім простым і рэальна ажыццяўляльным, як у выпадку з Венесуэлай.

Двое супраць аднаго

Беларусь пайшла ў Мытны саюз за выгаднай бяспошліннай нафтай, але, на жаль, дамоўленасці па цэнах да гэтага часу не дасягнутыя.

«Мытны саюз складаецца з адных выключэнняў. Саюзнай дзяржавы няма. Праваленая ўсе колькі-небудзь значныя дамоўленасці», - цытуе расейскага палітыка Уладзіміра Рыжкова «Незалежная газета». Ён прыводзіць гаротную статыстыку: са снежня 1991 года, калі было падпісана пагадненне аб стварэнні СНД, Масква і Менск заключылі больш за 40 пагадненняў і дамоваў, якія тычацца стварэння Саюзнай дзяржавы. І ні адна з іх не працуе. Аднак Лукашэнка ўмее знаходзіць альтэрнатыву. У прыватнасці, за кошт дыверсіфікацыі паставак нафтапрадуктаў. Расейскай нафце ён знайшоў замену ў Венесуэле, а ў якасці верагоднага маршруту паставак вуглевадароднай сыравіны сур'ёзна разглядаецца Літва.

Але ў трохкутніка ёсць яшчэ адна вяршыня, якую першапачаткова ўсе разглядалі як незразумелы баласт саюза Беларусі і Расеі. Сёння ўсе пачынае станавіцца празрыстым. «Сяброўская» вайна Менска і Масквы некалькі зацягнулася, таму на прэферэнцыі і выгоды можна забыцца.

Але на гэтым Мытны саюз не заканчваецца - нафтавая рука дапамогі працягнулася з Казахстана. 30 жніўня амбасадар Казахстана ў Беларусі Анатоль Смірноў заявіў прэсе, што пастаўкі нафты ў Беларусь магчымыя: «Вядома, сёння ў Беларусь можна пастаўляць і нафту, і іншыя тавары, вырабленыя ў Казахстане. Але гаспадарчыя суб'екты двух рэспублік павінны сустрэцца і дамовіцца, як гэта будзе экспартавацца. Дамовяцца - калі ласка, пастаўка будзе».

Паводле словаў амбасадара, існаванне Мытнага саюза аблегчыць рашэнне пра пастаўку нафты ў Беларусь, паведамляе «Еўрарадыё».

І ўсё б нічога, ды толькі апошнія навіны прымушаюць у гэтым усумніцца: Казахстан з 1 студзеня 2011 года павялічыць пошліну на экспарт нафты ўдвая. Пра гэта паведаміў сёння ў Астане міністр фінансаў краіны Болат Жамішаў на пасяджэнні ўраду. Паводле яго словаў, «найбольш істотныя паступленні дадатковых прыбыткаў у бюджэт прагназуюцца за кошт павелічэння экспартнай мытнай пошліны на нафту з 20 даляраў/т да 40 даляраў/т», піша РБК.

Нагадаем, Казахстан стаў зноў спаганяць пошліну на экспарт нафты ў памеры 20 даляраў/т з ліпеня 2010 года, скасаваўшы нулявую стаўку, якая дзейнічала падчас крызісу. Пошліна цяпер распаўсюджваецца на найбуйнейшыя нафтагазавыя кампаніі, якія не плацілі яе раней.

Калі Беларусь пойдзе ў Казахстан за нафтай, то мы рызыкуем проста выбіцца з бюджэту, які, дарэчы, таксама не на вышыні. Палічыць лёгка: Венесуэла, з якой мы плануем павялічыць пастаўкі да 10 мільёнаў тонаў, Іран, а цяпер вось і Казахстан са сваім падвышэннем экспартных пошлінаў. І няма гарантый, што ў пошуках таннай нерасейскай нафты мы не мяняем шыла на мыла і што сяброўскі Казахстан не вырашыў банальна зарабіць на Беларусі, нафтавая пятля для якой зацягваецца ўсё тужэй і тужэй. А наперадзе яшчэ і газ...

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках