Віктар Ганчарэнка: У Капенгагене БАТЭ павінен згуляць дзёрзка
10- 4.08.2010, 10:54
3 жніўня БАТЭ прыбыў у сталіцу Даніі на матч у адказ 3-га кваліфікацыйнага раўнда супраць чэмпіёна гэтай краіны.
Каб дамагчыся поспеху ў матчы з «Капенгагенам» на яго полі і выйсці ў плэй-оф кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў, БАТЭ павінен згуляць дзёрзка, і гэта яму па плячы, заявіў БелаПАН галоўны трэнер барысаўскай каманды Віктар Ганчарэнка.
Першая сустрэча супернікаў 28 ліпеня ў Барысаве скончылася ўнічыю 0:0.
Па словах Ганчарэнкі, пасля барысаўскага матчу была зробленая выснова, што з устаноўкай не прапусціць БАТЭ «дзесьці пераціснуў». «Нам не хапала вастрыні ў нападзе, мы ішлі ў атаку не так, як звычайна. Прааналізаваўшы гульню, мы знайшлі накірункі, у якіх трэба было працаваць перад сустрэчай у адказ», — адзначыў галоўны трэнер.
Ганчарэнка лічыць, што адзін мяч «можа як вырашыць лёс сустрэчы, так і стаць каталізатарам больш адкрытай гульні».
Беларуская каманда засялілася ў гатэль «Рэдзісан Блю Скандынавія» у цэнтры дацкай сталіцы і ўвечары правяла гадзінную трэніроўку на стадыёне «Паркен», дзе гуляюць «Капенгаген» і нацыянальная зборная краіны.
Сустрэча адбудзецца 4 жніўня. Пачатак у 20.10. Прамую трансляцыю арганізуе тэлеканал «Лад».
Пераможца выходзіць у плэй-оф кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў і гарантуе сабе месца ў групавым раўндзе Лігі Еўропы. Таго, хто прайграе, чакае барацьба ў плэй-оф кваліфікацыі Лігі Еўропы.