МЗС Эстоніі не выявіла парушэнняў у службовых дзеяннях Лахтэйна
4- 2.09.2010, 11:04
Праверка не пацвердзіла абвінавачванняў 20-гадовай жыхаркі Менска.
Эстонскае знешнепалітычнае ведамства завяршыла службовае расследаванне дзейнасці былога паверанага амбасады Эстоніі ў Беларусі Хары Лахтэйна, паведамляе «Радыё Свабода».
Праверка не пацвердзіла сцвярджэнняў 20-гадовай жыхаркі Менска адносна нібыта незаконна выдадзеных ёй і яе сяброўкам шэнгенскіх візаў за пэўныя інтымныя паслугі. Разам з лістом невядомая накіравала ў рэдакцыі эстонскіх СМІ пікантныя здымкі Лахтэйна ў асяроддзі беларускіх сябровак.
24 жніўня МЗС Эстоніі задаволіла заяву часовага паверанага ў Беларусі Хары Лахтэйна аб сыходзе з пасады па ўласным жаданні, якую ён падаў пасля паступлення ў рэдакцыі ананімных лістоў з абвінавачваннямі яго ў сэксуальных дамаганнях.
Як заявіла журналістам прэс-сакратар МЗС Керсты Луха, «Міністэрства замежных спраў не знайшло пацвярджэння заяў пра незаконную выдачу візаў. Распаўсюдніка ананімнай інфармацыі міністэрства вызначыць не можа».
Таксама прэс-сакратар падкрэсліла, што МЗС правяло службовае расследаванне ў рамках сваёй кампетэнцыі, і праверыла дакладнасць выказванняў, якія тычацца дзейнасці знешнепалітычнага ведамства.