Разблакаваныя рахункі фірмы «Палоніка»
1- 23.09.2010, 17:18
Прыпыненае выкананне прысуду - штраф агульным памерам 40 тысяч даляраў, які быў накладзены на фірму.
Выканаўчая справа перададзена ў архіў. Пра гэта ў сваім блогу паведамляе старшыня Галоўнай рады незарэгістраванага Саюза палякаў Беларусі Анджэй Пачобут.
Афіцыйная прычына - адсутнасць магчымасці атрымаць гэтыя грошы ад «Палонікі». Неафіцыйна вядома - спыненне пераследу «Палонікі», дзякуючы якой функцыянуе грамадская школа ў Гародні, у якой каля 400 дзяцей вывучаюць польскую мову, вынік перамоваў паміж польскім і беларускім міністэрствамі замежных спраў.
«Гэта ўжо другі крок у польскім пытанні», які зрабілі беларускія ўлады. Раней прыпынена крымінальная справа супраць Тэрэсы Собаль, старшыні Івянецкага аддзялення Саюза палякаў на Беларусі.
«Вынік з гэтага наступны. Прагноз, што напярэдадні выбараў Аляксандар Лукашэнка, на якога моцна ціснуць з Усходу, пачне рабіць жэсты ў бок Захаду, у дадзеным выпадку Польшчы, пачынае спраўджвацца», - піша Анджэй Пачобут.
Як паведамлялася раней, фірму «Палонікі» беларускія ўлады адмаўляліся рэгістраваць. Фірму пакаралі за тое, што яна атрымлівала грошы ад Польшчы на сваю культурна-асветніцкую дзейнасць, суд палічыў, што іх трэба было афармляць як гуманітарную дапамогу. Тады ў Беларусі ўзмацніліся рэпрэсіі супраць Саюза палякаў. 17 лютага польскі сойм прыняў рэзалюцыю, у якой асудзіў дзеянні Менска ў дачыненні да польскай меншасці ў Беларусі. У рэзалюцыі ўтрымліваецца рэкамендацыя разгледзець магчымасць вярнуцца да палітыкі санкцый у адносінах да беларускіх уладаў.