9 чэрвеня 2026, aўторак, 7:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Украіна і Расея гатовыя абвясціць Беларусі гандлёвую вайну

16

Рынкі гэтых краінаў з'яўляюцца ключавымі для шмат якіх беларускіх кампаніяў.

Украінцы скардзяцца не толькі на высокія кошты на нашае сметанковае масла, але і на беларускі дэмпінг. Міністэрства эканомікі Украіны праводзіць зараз адразу тры расследаванні, якія могуць закрануць інтарэсы беларускіх пастаўшчыкоў. З такімі тэмпамі ўжо ў наступным годзе Кіеў можа стаць лідэрам па ліку «гандлёвых войнаў» з Беларуссю, пацясніўшы Расею, піша «Заўтра тваёй краіны».

Ужо ў гэтым месяцы сканчаецца тэрмін, адведзены на спецыяльнае расследаванне, якое Міністэрства эканомікі Украіны праводзіць у дачыненні да паставак на ўнутраны рынак флоат-шкла. Яно самым непасрэдным чынам закранае беларускага вытворцу – ААТ «Гомельшкло». Паводле падлікаў ініцыятара гэтай працэдуры -- лісічанскага заводу «Пралетар» -- у сярэднім «Гомельшкло» пастаўляе прадукцыі ва Украіну на суму каля 7 млн даляраў. Разам з пастаўкамі з іншых краінаў (Расеі і Польшчы) агульны аб'ём імпарту ва Украіну флоат-шкла складае каля 50 млн даляраў. З-за канкурэнцыі «Пралетар» вымушаны спыняць вытворчасць і адпраўляць працоўных у неаплачвальныя адпачынкі. Пытанне пра тое, наколькі імпарт уплывае на пагаршэнне сітуацыі на заводзе, украінскія ўлады павінны былі вырашыць яшчэ ў траўні, але падоўжылі расследаванне да верасня.

Разгляд яшчэ аднаго расследавання плануецца завяршыць у студзені 2011 года. Яно праводзіцца па заяве шэрагу ўкраінскіх вытворцаў халадзільнікаў і маразільнікаў на чале з групай «Норд». У 2008 годзе ў іх атрымалася ў межах антыдэмпінгавага расследавання дамагчыся ўвядзення тэрмінам на 5 гадоў спецыяльных пошлінаў на халадзільнікі і маразільнікі, якія пастаўляюцца на ўкраінскі рынак з Кітая і Турцыі. Аднак гэтага ўкраінскім вытворцам падалося мала. У траўні 2010 года яны дамагліся пачатку спецыяльнага расследавання ў цэлым па ўсіх пастаўшчыках гэтай прадукцыі. Наўпрост не кажацца, што расследаванне накіраванае супраць беларускага «Атланта». Але менавіта ён і яшчэ кампанія «Indesit» на сённяшні дзень з'яўляюцца галоўнымі канкурэнтамі «Норду» на ўкраінскім рынку.

У сакавіку 2011 года вердыкт пра тое, ці ёсць у іх будучыня на ўкраінскім рынку, будзе вынесены і беларускім шыннікам. У заяве, накіраванай у Міністэрства эканомікі ўкраінскай кампаніяй «Расава», наўпрост кажацца пра пагрозу менавіта з Беларусі і менавіта ў выглядзе дэмпінгу. Непакояць украінцаў беларускія шыны для легкавых аўтамабіляў. Па заяве «Расавы» ўзбуджанае антыдэмпінгавае расследаванне.

А ўсяго ў дачыненні да беларускіх вытворцаў і іх тавараў украінскімі ўладамі былі ўведзеныя шэсць абмежавальных мераў. Пад раздачу патрапілі беларускія драўнянавалакністыя пліты, штучны мех, ворсавая палатніна, кампрэсары (антыдэмпінгавыя меры), сталёвыя трубы, запалкі (спецабарончыя меры).

Больш актыўна, чым украінцы, пакуль абараняе свой рынак ад беларусаў толькі Расея - беларускі МЗС налічыў 12 пратэкцыянісцкіх рашэнняў, прынятых на шкоду нашаму экспарту на расейскі рынак.

Беларусы такім жа шляхам абараняюць свой рынак – і ад расейцаў, і ад украінцаў. Але насцярожвае тое, што рынкі гэтых краінаў з'яўляюцца ключавымі для шмат якіх айчынных кампаніяў, а таксама тое, як хутка Расея і Украіна ў апошні час знаходзяць агульныя кропкі судачынення. Іх сумесная гандлёвая вайна супраць Беларусі - зараз гэтая перспектыва не падаецца такой ужо фантастычнай.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках