Збітаму ахоўнікамі Жукоўскаму прысудзілі 10 сутак арышту
1- 27.09.2010, 11:25
Гомельскі лідар аргкамітэта па стварэнні партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя Кастусь Жукоўскі ў зале суда абвясціў галадоўку.
24 верасня Петрыкаўскі раённы суд прызнаў Канстанціна Жукоўскага вінаватым у супраціве міліцыі і нецэнзурнай лаянцы ў грамадскім месцы. Жукоўскі сваю віну не прызнаў, а яшчэ раз заявіў пра факт яго збівання аховай прэм'ер-міністра Сяргея Сідорскага, паведамляе «Наша Ніва».
Нагадаем, актывіст БХД некалькі сутак правёў у лякарні, дзе яму паставілі дыягназ «страсенне мозгу».
Каля 13-й гадзіны 17 верасня ў вёсцы Ляскавічы Петрыкаўскага раёна супрацоўнікі міліцыі затрымалі актывіста, калі той ехаў на этнаграфічнае свята «Покліч Палесся».
Пратрымаўшы Жукоўскага пяць гадзін у мясцовым пункце міліцыі, яго асудзілі на трое сутак. Аднак па дарозе ў РАУС, сувязь з Канстанцінам знікла, а праз некалькі гадзін стала вядома, што ён знаходзіцца ў хірургічным аддзяленні Петрыкаўскай лякарні з чэрапна-мазгавой траўмай.
Паводле словаў Жукоўскага, на яго накінуліся і збілі людзі з аховы Сяргея Сідорскага, які наведаў свята ў Ляскавічах.