Лябедзька: Пачаўся «адстрэл» пралукашэнкаўскага лобі
13- 29.09.2010, 14:18
Палітыкі адзначаюць, што адстаўка мэра Масквы Юрыя Лужкова - гэта моцны ўдар па пралукашэнкаўскім лобі ў Расеі.
Назіральнікі звяртаюць увагу на тое, як падкантрольныя Крамлю СМІ вялі інфармацыйную вайну супраць Лужкова і Лукашэнкі, перадае «Радыё Свабода».
Лужкоў многія гады быў адным з найбольш уплывовых палітычных паплечнікаў Лукашэнкі ў Расеі. Адносіны беларускага кіраўніка з Крамлём мяняліся, перажывалі розныя перыяды, а за апошнія месяцы выпрабавалі наймацнейшы крызіс. Аднак усё гэта ніяк не ўплывала на палітычнае сяброўства Лукашэнкі і Лужкова. Мэр Масквы быў частым госцем у Менску, адкрываў тут бізнэс-праекты, з другога боку - павялічваліся пастаўкі прадукцыі ў Маскву.
Лідар АГП Анатоль Лябедзька лічыць, што адстаўка Лужкова азначае моцны ўдар па пралукашэнкаўскім лобі ў Расеі:
«Адстаўка Лужкова - гэта ўнутрыпалітычная расейскае падзея, але яе кругі даходзяць да Менска. Такім чынам, Мядзведзеў, мэтанакіравана ці выпадкова пачаў «адстрэл» пралукашэнкаўскага лобі ў Расеі. Лужкоў быў адным са слупоў, на якім трымалася прысутнасць Лукашэнкі ў Маскве. Можа, гэта пачатак, які будзе мець наступствы для іншых прадстаўнікоў пралукашэнкаўскага лобі ў Расеі.
З іншага боку, нам трэба чакаць, што дуэт Лужкоў-Батурына ў бліжэйшы час можа актывізаваць сваю дзейнасць у Беларусі. Я мяркую, што мы яшчэ неаднаразова сутыкнемся з іх прозвішчамі падчас абмеркавання тых ці іншых «прыхватызійных» рашэнняў, якія будуць прымацца ў Беларусі», - заявіў лідар АГП.
Аналітыкі цяпер праводзяць паралелі з тым, наколькі праўдападобна падкантрольныя Крамлю СМІ вялі інфармацыйную вайну супраць Лужкова і Лукашэнкі. Дастаткова сказаць, што ў праграмы НТВ «Справа ў кепцы» тыя ж самыя аўтары, што і ў антылукашэнкаўскім фільме «Хросны бацька».
Зусім нядаўна, віншуючы Юрыя Лужкова з 74-годдзем, дыктатар «выказаў упэўненасць, што і ў далейшым Лужкоў будзе ўносіць велізарны ўклад на ўмацаванне ўзаемавыгадных беларуска-расейскіх адносін». Атрымліваецца, што гэты ўклад Лужкову давядзецца ўносіць ужо ў якасці звычайнага пенсіянера.