9 чэрвеня 2026, aўторак, 7:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Украіна ставіць умовы беларускім уладам

1

Невядома, як доўга працягнецца перыяд устрымання Украіны ад антыдэмпінгавых расследаванняў.

Украіна гатовая адмовіцца ў будучыні ад правядзення антыдэмпінгавых расследаванняў у дачыненні да беларускіх прадпрыемстваў пры ўмове рашэння гандлёвых спрэчак, якія ўзнікаюць, пры дапамозе змешаных працоўных груп, што будуць аналізаваць сітуацыю на рынках, і выпрацоўваць механізмы дасягнення кампрамісу паміж удзельнікамі спрэчкі. Такую прапанову, сэнс якой зводзіцца да галоўнага пастулату бізнэсу «дамовіліся - выконваем», сёння ў Менску агучыў першы віцэ-прэм'ер Украіны Андрэй Клюеў, піша АФН.

«Мы дамовіліся, што адводзім у бок усе антыдэмпінгавыя расследаванні, якія былі да гэтага. А тыя пытанні, якія могуць узнікаць паміж нашымі прадпрыемствамі ў будучыні, можна вырашаць на перамовах. Калі будуць узнікаць падобныя пытанні, іх можна вырашыць у межах гандлёва-эканамічных камісій», - заявіў Клюеў на пасяджэнні міжурадавай беларуска-ўкраінскай змешанай камісіі па пытаннях гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва.

«Трэба працаваць у межах гандлёва-эканамічнай камісіі, а не ствараць нейкія гандлёвыя войны, чыніць нейкія перашкоды адзін аднаму», - рэзюмаваў віцэ-прэм'ер Украіны.

Зрэшты, падобную прапанову можна лічыць вялікім авансам даверу да беларускага боку, які ўжо неаднаразова парушаў па заканчэнні некаторага часу дасягнутыя дамоўленасці на фоне ініцыяваных Украінай антыдэмпінгавых расследаванняў у дачыненні да асобных беларускіх тавараў. Прыклад - пастаўкі беларускіх шын на Украіну.

Увогуле, як любяць казаць беларускія чыноўнікі, мяч на беларускім баку. Заява Клюева - гэта ўсяго толькі вуснае абяцанне. Натуральна, Украіна не будзе на заканадаўчым узроўні браць на сябе абавязальніцтвы адмовіцца ад прадугледжаных СГА (Украіна - ужо даўно сябра гэтай арганізацыі) антыдэмпінгавых працэдур у дачыненні да асобна ўзятай, няхай і суседняй, краіны.

І толькі ад безумоўнага выканання Беларуссю ў далейшым сваіх абавязальніцтваў будзе залежаць, як доўга пратрымаецца перыяд устрымання Украіны ад антыдэмпінгавых расследаванняў у дачыненні да беларускіх прадпрыемстваў.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках