Эксперты: Закладзены ў праекце дэфіцыт бюджэту вельмі заніжаны
8- 6.09.2010, 13:17
Сёння на пасяджэнні Пастаяннай камісіі па бюджэце, фінансах і падатковай палітыцы «палаты прадстаўнікоў» павінен быць прадстаўлены праект бюджэту на 2011 год.
У праекце прадугледжаны дэфіцыт бюджэту ў памеры 3% ВУП. У незалежных экспертаў такая спешка з разглядам асноўнага фінансавага дакумента на наступны год выклікае шэраг пытанняў.
Звычайна дэпутаты атрымліваюць праект бюджэту на разгляд пад канец году. У 2009 годзе ён паступіў у пастаянную камісію Палаты прадстаўнікоў у пачатку снежня, піша «Заўтра тваёй краіны».
- Такая спешка ў цяперашняй сітуацыі незразумелая, - адзначае палітолаг Аляксандр Класкоўскі. - Існуе поўная няпэўнасць наконт таго, у якіх умовах давядзецца працаваць у наступным годзе. Як можна прымаць бюджэт, не ведаючы, колькі будзе каштаваць газ? Наперадзе цяжкія перамовы, вынік якіх пакрыты цемрай. Акрамя таго, невядома, колькі бяспошліннай нафты дасць Расея і ці дасць наогул. Вярстаць бюджэт без уліку гэтых параметраў - гэта складаць «фількіну грамату».
Зрэшты, па адной з версіяў, як адзначае палітолаг, разгляд праекта бюджэту павінен стаць прыкрыццём асноўнага пытання парадку дня пазачарговай сесіі, які пакуль трымаецца ў таямніцы, - прызначэнне прэзідэнцкіх выбараў на снежань гэтага года.
Кіраўнік Навукова-даследчага цэнтра Мізэса Яраслаў Раманчук лічыць, што Закон аб бюджэце ў Беларусі ператварыўся ў чыстую фармальнасць, якая не мае нічога агульнага з рэальным станам справаў у краіне.
- У 2009 годзе, калі прымаўся Закон аб бюджэце на 2010 год, улады таксама разлічвалі, што Беларусь атрымае бяспошліную расейскую нафту, таму ваганні ў 2-3 мільярды даляраў для беларускага заканадаўцы не маюць ніякага значэння. У любым выпадку бюджэт перарабляецца, секвестуецца ўказамі Лукашэнкі ў працоўным рэжыме, - падкрэслівае эканаміст.
Паводле яго словаў, праект бюджэту на 2011 год утрымлівае нерэальныя мэты, зыходзіць з таго, што сярэдняя зарплата беларуса ў гэтым годзе будзе 500 даляраў, а рост эканомікі складзе 13%. Закладзены ў праекце дэфіцыт бюджэту ў памеры 3% эканаміст лічыць відавочна заніжаным.
- У 2010 годзе дэфіцыт бюджэту павінен быць 1,5%, але ён ужо складае 3%, і гэтая лічба павінна вельмі рэзка ўзрасці да канца года. Калі добра палічыць, дык яна можа быць у два разы вышэй, што кажа пра крайнюю няўстойлівасць дзяржаўных фінансаў. Што датычыць кошту на энэрганосбіты, дык «Газпрам» ужо заяўляе пра 250 даляраў за тысячу кубаметраў газу ў наступным годзе. І ў кантэксце невырашальных супярэчнасцяў паміж Пуціным, Мядзведзевым і Лукашэнкам кошт наўрад ці будзе ніжэй, - лічыць Яраслаў Раманчук.
Ён таксама кажа пра магчымае зніжэнне квоты на бяспошлінны пастаўкі нафты і прагназуе павелічэнне коштаў на энергарэсурсы для прамысловых спажыўцоў на 30-40 працэнтаў.