25 красавiка 2024, Чацвер, 0:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларуская дыктатура - ганьба Еўропы

26
Беларуская дыктатура - ганьба Еўропы

Смерць журналіста павінна паслужыць сігналам тым еўрапейскім палітыкам, хто шукае цёплае месца побач з тыранам.

Пра гэта піша ў газеце «Independent» Майк Харыс - менеджэр вядомай брытанскай праваабарончай арганізацыі «Індэкс цэнзуры»:

У мінулую пятніцу я прыехаў у Менск для сустрэчы з журналістам Алегам Бябеніным і іншымі актывістамі грамадзянскай супольнасці. У панядзелак я прысутнічаў на пахаванні Алега.

Адзін з вядучых журналістаў Беларусі быў знойдзены павешаным на гамаку яго любімага пяцігадовага сына ў сваім дачным доме ў пятніцу. Алег вісеў так нізка, што яго ногі дакраналіся да зямлі.

Лідэр грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў аказаўся адным з першых на месцы здарэння. У яго сур'ёзныя сумненні адносна афіцыйнай версіі здарэння. «Не было знойдзена перадсмяротнай запіскі, а ў яго апошнім тэлефонным паведамленні сябрам гаворыцца, што Алег планаваў пайсці з імі ў кіно».

Сябры і калегі Бябеніна падазраюць, што смерць была гвалтоўнай і кажуць скрозь слёзы пра Алега, як пра чалавека, які прысвяціў 15 гадоў барацьбе з дыктатурай Аляксандра Лукашэнкі, і не збіраўся адступаць. У глыбіні душы ўсе баяцца вяртання ў перыяд 1997-1999 гадоў, калі актывісты, бізнэсоўцы і журналісты раптам бясследна «знікалі».

У мінулым годзе, абаронцы правоў чалавека пастаянна падвяргаліся запалохванню з боку ўладаў. 6 снежня 2009 года моладзевы лідэр Яўген Афнагель быў выкрадзены сярод белага дня на менскай вуліцы і вывезены ў лес недалёка ад горада. Са звязанымі рукамі і мяшком на галаве. Актывіст распавёў мне, што яго падверглі інсцэнаванню пакараннем смерцю, пагражаючы прывесці ўсё ў выкананне, калі ён не супакоіцца. Усяго толькі за два месяцы, шасці моладзевым лідэрам пагражалі расправай.

Усё гэта адбываецца сёння ў цэнтры Еўропы. Калі прэм'ер-міністр Італіі Сільвіо Берлусконі наведаў Менск у лістападзе мінулага года, ён сказаў Аляксандру Лукашэнку, што народ «любіць цябе, пра што сведчаць выбары».

І няважна, што Арганізацыя па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе (АБСЕ), сябрам якой Італія з'яўляецца, заявіла, што папярэднія прэзідэнцкія выбары «не адпавядалі стандартам АБСЕ правядзення дэмакратычных выбараў».

Realpolitik з'яўляецца сёння нормай, і доступ на рынкі для МВФ і Сусветнага Банка забяспечвае дывідэнды бізнэсоўцам і іх палітычным памагатым у сталіцах еўрапейскіх краін. У Вялікабрытаніі ўсё ідзе не нашмат лепш. Лукашэнка на кароткай назе з Грэйлінг PR агенцтвам, уладальнікам якога з'яўляецца лорд Чадлінгтан (адзін з бліжэйшых саюзнікаў Дэвіда Камярона з прычыны паляпшэння іміджу сваёй краіны). Яго зусім не хвалюе той факт, што ён вядзе справы з дыктатарам краіны, якая займае 188 месца са 195 краін адносна свабоды друку, краіны, дзе зачыненыя ўсе гей-клубы, краіны, дзе Лукашэнка асабіста ўказаў перабудаваць святыя габрэйскія месцы ў шматпавярховыя аўтастаянкі.

У культурным плане заходнія артысты таксама дапамагаюць палепшыць імідж Беларусі. У гэтым месяцы Стынг выступіць з канцэртам у спорткомплексе «Менск-Арэна». У той час, калі Стынг будзе выступаць, беларускі «Свабодны тэатр», які знаходзіцца пад забаронай, будзе ставіць спектакль «Спасцігаючы каханне» ў адным з закінутых дамоў Менска. Сюжэт спектакля распавядае пра выкраданне і знікненне бізнэсоўца, дэмакрата і праціўніка Лукашэнкі Анатоля Красоўскага. У адрозненне ад аўдыторыі на зацверджаным уладамі канцэрце Стынга, тыя, хто прыйшлі на спектакль беларускага «Свабоднага тэатра» падвяргаюцца пераследу з боку КДБ.

І пакуль Еўропа не звяртае ўвагі на гаротнае становішча беларускага народа, дыктатура актывізуе ўсе свае сілы для падаўлення іншадумства. КДБ і службы разведкі распрацоўваюць яшчэ больш дасканалыя механізмы адсочвання «непажаданых». Дзеячы апазіцыі абвінавачваюцца ў прыналежнасці да сайянтолагаў або ім пагражаюць узбуджэннем крымінальных спраў. Учора ананімны каментар на сайце Хартыі'97 гучаў наступным чынам: «Мы будем уничтожать вас всех с лица земли. Чтобы больше таких выродков не рождалось на свет» («Мы будзем знішчаць вас усіх з зямлі. Каб больш такіх вырадкаў не нараджалася на свет»). Журналіст сайта Наталля Радзіна атрымлівала паведамленні з тэкстам: «Мы цябе згвалцім», а затым ішоў яе адрас.

Справа Алега Бябеніна - трывожны знак для ўсёй Еўропы. Нельга дазваляць еўрапейскім палітыкам, як самнамбулам, знаходзіць утульнае месца побач з тыранам. Беларусь - ганьба Еўропы.

Напісаць каментар 26

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках