28 сакавiка 2024, Чацвер, 20:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Камітэт абароны журналістаў: Сайт charter97.org крытыкуе ўлады. Смерць журналіста трэба старанна расследаваць

2

Праваабарончая арганізацыя са штаб-кватэрай у Нью-Ёрку патрабуе правесці незалежнае расследаванне гібелі Алега Бябеніна.

Прыводзім тэкст заявы Камітэта абароны журналістаў:

«Беларускія ўлады павінны старанна расследаваць абставіны смерці Алега Бябеніна, заснавальніка і кіраўніка менскага апазіцыйнага сайта charter97.org.

Брат Бябеніна і некалькі яго сяброў знайшлі яго павешаным на лесвіцы яго лецішча недалёка ад Менска ў пятніцу, каля 5-й вечара, паведаміла КАЖ Наталля Радзіна, рэдактар сайта charter97.org. Бябенін планаваў пайсці ў кіно з сябрамі ў чацвер увечары, але не прыйшоў да кінатэатра, паведаміла Радзіна. Пасля таго, як сябры некалькі разоў паспрабавалі дазваніцца да яго, яны атрымалі sms з тэлефона Бябеніна пра тое, што ён не мог адказваць на званкі.

Афіцыйныя вынікі анатаміравання, якія сям'я атрымала ў суботу, абвяшчаюць, што 36-гадовы Алег Бябенін скончыў жыццё самагубствам праз павешанне. Ён не пакінуў перадсмяротнай запіскі. Сябры і калегі настойліва сцвярджалі, што самагубства павінна быць выключана, і ў аўторак пракуратура абвясціла, што яны будуць расследаваць іншыя матывы смерці журналіста, паведамляе charter97.org. Як паведамляецца, заведзеная крымінальная справа.

Сайт charter97.org часта паведамляў пра злоўжыванні ўладаў, уключаючы парушэнні правоў чалавека, карупцыі ў сілавых ведамствах і пра дзейнасць апазіцыі. У сайта нярэдка былі праблемы з уладамі. Супрацоўнікаў сайта выклікалі на допыты, што было помстай за крытычныя матэрыялы пра ўлады, абсталяванне сайта было канфіскавана па палітычных матывах, сайт падвяргаўся кібер- нападам, якія паралізоўвалі яго дзейнасць.

«Мы заклікаем менскую міліцыю і органы пракуратуры правесці дбайнае расследаванне смерці Алега Бябеніна», заяўляе Ніна Агнянава, каардынатар праграм у Еўропе і Цэнтральнай Азіі Камітэта абароны журналістаў. «І абставіны смерці Бябеніна, і той факт, што яго сайт крытыкаваў улады, з'яўляюцца падставай для далейшага расследавання».

У Бябеніна не было матываў для самагубства, распавялі яго калегі. Ён толькі што вярнуўся з замежнага адпачынку з сям'ёй і выглядаў бадзёрым і энергічным, гатовым працягнуць працу на сайце.

Дзмітрый Бандарэнка, палітычны актывіст і сябра Алега, бачыў цела Бябеніна ў пятніцу, і паведаміў прадстаўніку КАЖ, што правы галёнастоп журналіста быў пашкоджаны, і на яго левай руцэ, грудзіне і спіне былі сінякі.

Выбары прэзідэнта павінны адбыцца ў Беларусі ў пачатку 2011. Бандарэнка паведаміў прадстаўніку КАЖ, што нядаўна Бябенін пагадзіўся ўдзельнічаць у кампаніі апазіцыйнага кандыдата Андрэя Саннікава», - адзначаецца ў заяве Камітэта абароны журналістаў. Гэтая міжнародная няўрадавая арганізацыя, якая базуецца ў Нью-Ёрку, займаецца абаронай правоў журналістаў.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках