7 траўня 2024, aўторак, 6:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Версія пра самагубства Алега Бябеніна «лопаецца па швах»

32
Версія пра самагубства Алега Бябеніна «лопаецца па швах»

Так каардынатар «Еўрапейскай Беларусі» Дзмітрый Бандарэнка пракаментаваў апошнюю заяву супрацоўнікаў праваахоўных органаў «Інтэрфаксу».

«Дасведчаная крыніца ў праваахоўных органах» паведаміла 9 верасня агенцтву «Інтэрфакс-Захад», што «асобы, якія знайшлі труп Алега Бябеніна, не адразу звярнуліся ў праваахоўныя органы, а спачатку паведамілі пра яго смерць знаёмым журналіста». Паводле словаў суразмоўцы агенцтва, «калі следчая брыгада прыбыла на месца здарэння, там ужо знаходзіліся староннія, у якіх была магчымасць унесці змены ў становішча на месцы здарэння да правядзення афіцыйнага агляду і фотаздымкаў».

Сайт charter97.org папрасіў пракаментаваць гэтую заяву каардынатара грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Дзмітрыя Бандарэнку.

- Гэтыя істэрычныя заявы і «злівы» азначаюць адно - версія пра самагубства Алега Бябеніна лопаецца па ўсіх швах. Мы ўжо казалі пра тое, што першасныя заключэнні людзей з праваахоўных органаў, якія працавалі на месцы смерці журналіста і судмедэксперты, што рабілі анатаміраванне цела ў Стаўбцоўскім моргу, радыкальна разыходзяцца нават па вызначэнні часу смерці і ніяк не стасуюцца. Мы самі былі ўсхваляваныя, чаму міліцыя ехала так доўга, бо, паводле словаў родных, яе выклікалі адразу, як толькі знайшлі Алега. Брат Бябеніна паведаміў нам пра смерць Алега прыкладна ў 17.20 3 верасня. У 18.30 мы ўжо былі каля лецішча. Міліцыя ж прыехала толькі ў 19.00. Мы чакалі яе прыезду на дарозе каля дома. Ні я, ні Андрэй Саннікаў, ні Аляксандр Атрошчанкаў, ні сябра Алега Фёдар не заходзілі нават у двор, лічачы, што зараз прыедзе група крыміналістаў, магчыма, з сабакамі, і правядзе поўны і пільны агляд месца смерці (якія наіўныя мы былі!). Учора я быў на допыце ў пракуратуры. Яны адпрацоўваюць толькі адну версію - самагубства. Калі я прапанаваў следчаму Азарэвічу расказаць пра свае здагадкі і пра тыя нестыкоўкі, якія ўзніклі ў першасных заключэннях намесніка пракурора Дзяржынскага раёна і судмедэксперта, ён сказаў, што яму гэта нецікава.

Зараз лукашэнкаўскія прыхвастні, зімоўскія і мусіенкі, паліваюць брудам нашага загінулага сябра, а прадстаўнікі міліцыі і пракуратуры, разумеючы, што канцы з канцамі ў афіцыйнай версіі ніяк не сыходзяцца, спрабуюць адвесці ад сябе ўдар. Але праўду схаваць не атрымаецца.

У свой час старшыня КДБ Мацкевіч і генеральны пракурор Бажэлка вымушаныя былі пад ціскам абставінаў і відавочных фактаў, арыштаваць камандзіра САХРа Дзмітрыя Паўлічэнку і паспрабавалі арыштаваць Віктара Шэймана. Гэта каштавала ім кар'еры, але яны разумелі, што занадта шмат людзей ведалі пра датычнасць Паўлічэнкі да выкраданняў лідэраў апазіцыі. У пэўнай ступені яны зрабілі, што маглі. У справе Алега несупадзенні праявіліся імгненна. І сёння людзі, якія ўзначальваюць расследаванне гэтай справы, адразу зразумелі, у якую жахлівую сітуацыю яны трапілі.

Я звяртаюся да супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Вы ведаеце праўду. Не маўчыце. Узгадайце пра тое, як «выпадкова» паміралі людзі з брыгады па расследаванні знікненняў Захаранкі, Ганчара, Красоўскага і Завадскага. Памятайце, што вы афіцэры, што вы мужчыны. Не станавіцеся саўдзельнікамі злачынства. Не будзьце пешкамі ў чужой і бруднай гульні, - заявіў Дзмітрый Бандарэнка.

Напісаць каментар 32

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках