МЗС адмовіла ў акрэдытацыі карэспандэнту газеты "Коммерсантъ"
7- 17.01.2011, 17:14
Карэспандэнту расейскай газеты "Коммерсантъ" Маўсуну Гаджыеву адмоўлена ў акрэдытацыі для ажыццяўлення журналісцкай дзейнасці ў Беларусі.
Па словах Гаджыева, усе дакументы на акрэдытацыю ён падаў у Міністэрства замежных спраў Беларусі ў канцы снежня мінулага года, перадае БелаПАН.
«Я неаднаразова тэлефанаваў ў МЗС пасля надыходу 2011 года, але мне казалі, што рашэнне яшчэ не прынятае. Але 17 студзеня мне патэлефанавалі і сказалі, што рашэнне прынялі: акрэдытацыя мне падоўжана не будзе. Я пацікавіўся прычынай такога рашэння, і мне заявілі, што адмова ў акрэдытацыі прынятая па прычыне "некаторых недакладнасцяў у маіх матэрыялах”, - сказаў Гаджыеў.
Як адзначыў журналіст, чалавек, які тэлефанаваў яму, не прадставіўся. «Ён сказаў, што ягонае імя, прозвішча, пасада «не важныя».
Маўсун Гаджыеў працаваў у Беларусі з канца 2008 года, і, па ягоных словах, раней у яго ніколі не ўзнікала праблем з акрэдытацыяй ў МЗС. «У дадзенай сітуацыі, я лічу, што МЗС і прэс-служба сталі закладнікамі неадэкватнай сітуацыі, якая існуе ў Беларусі», - заявіў журналіст.