Амбасадар Беларусі выкліканы на дыван у МЗС Германіі
14- 18.01.2011, 12:29
Амбасадар Беларусі ў Берліне быў выкліканы ў МЗС ФРГ, дзе яму было заяўлена аб абсалютнай безгрунтоўнасці абвінавачванняў у дачыненні Германіі і Польшчы да спробы звяржэння Лукашэнкі, што распаўсюджваюцца ў беларускіх СМІ.
У сувязі са сцвярджэннямі аб датычнасці ФРГ і Польшчы да спробы звяржэння Лукашэнкі ў ходзе снежаньскіх прэзідэнцкіх выбараў, што распаўсюджваюцца беларускімі дзяржаўнымі СМІ, у панядзелак, 17 студзеня, беларускі амбасадар у Берліне Андрэй Гіро быў выкліканы на дыван у МЗС Германіі, паведамляе "Нямецкая хваля".
Паводле паведамлення міністэрства, упаўнаважаная МЗС ФРГ па Усходняй Еўропе, Каўказе і Цэнтральнай Азіі Патрыцыя Флор (Patricia Flor) з усёй яснасцю падкрэсліла, што падобныя абвінавачванні абсалютна беспадстаўныя. На мінулым тыдні з аналагічнай заявай ужо выступіў прадстаўнік МЗС ФРГ Андрэас Пешке (Andreas Peschke).
Вызваліць палітзняволеных і спыніць рэпрэсіі
У гутарцы з Андрэем Гіро Патрыцыя Флор зноў нагадала аб патрабаванні ўрада Германіі неадкладна вызваліць усіх палітвязняў у Беларусі і спыніць судовыя працэсы і рэпрэсіі супраць іх.
Флор падкрэсліла, што збліжэнне Беларусі і Еўразвяза будзе магчымае толькі пры выкананні Менскам прававых прынцыпаў і правоў чалавека. Яна адзначыла, што рашэнне беларускага кіраўніцтва закрыць менскі офіс АБСЕ з'яўляецца "новым ударам па прававой сістэме і правах чалавека" ў Беларусі.