Еўрапарламент разгледзіць вельмі жорсткі варыянт рэзалюцыі па Беларусі
130- 18.01.2011, 18:07
Самая вялікая палітычная група Еўрапарламента - Еўрапейская народная партыя (ЕНП) - прадставіла свой, беспрэцэдэнтна жорсткі, варыянт рэзалюцыі па Беларусі.
З улікам тэкстаў іншых палітычных груп еўрапарламэнтарыі прымуць ўзгоднены дакумент 20 студзеня, паведамляе "Еўрарадыё".
Варыянт рэзалюцыі ад дэпутатаў Еўрапейскай народнай партыі заклікае Савет Міністраў ЕЗ, Еўракамісію і Высокага прадстаўніка ЕЗ па знешняй палітыцы сярод іншага:
- Замарозіць ўсю макрафінансавую дапамогу ў выглядзе крэдытаў ад МВФ, а таксама праграм Еўрапейскага інвестыцыйнага банка і Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця;
- Замарозіць ўдзел Беларусі ва "Ўсходнім партнёрстве" да станоўчых змен, "пачынаючы з безумоўнага вызвалення прадстаўнікоў палітычнай апазіцыі";
- Перагледзець палітыку ЕЗ у адносінах да Беларусі уключна з эканамічнымі адносінамі, падтрымаць развіццё дэмакратыі шляхам павелічэння фінансавай падтрымкі незалежным СМІ і арганізацыям грамадзянскай супольнасці, колькасці стыпендый для выключаных беларускіх студэнтаў, працягнуць падтрымку Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта;
- Абмежаваць кантакты з беларускімі ўладамі да "абсалютнага мінімуму";
- Неадкладна вярнуць візавыя забароны для беларускіх чыноўнікаў, уключна з прадстаўнікамі судоў і спецслужбаў, адказных за фальсіфікацыю выбараў і паслявыбарчыя рэпрэсіі і арышты апазіцыянераў;
- Замарозіць маёмасць "Белтэхэкспарту" і іншых беларускіх экспарцёраў ўзбраення і вайсковай тэхнікі;
- Паскорыць работу ў сферы палягчэння візавага рэжыму і рэадмісіі з тым, каб аблегчыць кантакты паміж людзьмі.
Акрамя таго, варыянт рэзалюцыі ад ЕНП:
- Асуджае арышты і затрыманні больш чым 700 дэманстрантаў і 7 з 9 кандыдатаў, запалохванне грамадзянскай супольнасці шляхам масавых ператрусаў у прыватных кватэрах, офісах СМІ і няўрадавых арганізацыях, прымяненне брутальнай сілы з боку міліцыі і супрацоўнікаў спэцслужбаў да дэманстрантаў, а асабліва выказвае "сваё абурэнне брутальнай атакай на Някляева";
- Асуджае абмежаванне доступу адвакатаў да зняволеных і неаказанне зняволеным медыцынскай дапамогі;
- Запрашае міжнародных партнёраў ЕЗ заняць падобную пазіцыю ў дачыненні да беларускага рэжыму і заклікае далучыцца да стварэння міжнароднай камісіі па аб'ектыўным і дэталёвым расследаванні падзей 19-20 снежня;
- Выказвае меркаванне, што спартыўныя мерапрыемствы кшталту Чэмпіяната свету па хакеі-2014 не павінныя праводзіцца ў Беларусі, калі ў краіне будуць палітычныя зняволеныя;
- Заклікае Еўракамісію спыніць дапамогу дзяржаўным СМІ Беларусі.
У сваім варыянце рэзалюцыі Еўрапейская народная партыя заклікае беларускія ўлады правесці паўторныя прэзідэнцкія выбары. У дакуменце прыводзяцца вытрымкі з папярэдняга заключэння назіральнай місіі АБСЕ, паводле якіх працэс падліку галасоў "значна пагоршыў агульны працэс галасавання".
Там, сярод іншага, адзначаецца: "У многіх выпадках назіральнікі былі абмежаваныя і не мелі магчымасці назіраць за падлікам. У некаторых выпадках лічбы, запісаныя ў выніковых пратаколах выбарчых участкаў, адрозніваліся па прыбыцці ў тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі".
Свае варыянты рэзалюцыі па Беларусі прапаноўваюць і іншыя палітычныя групы Еўрапейскага парламента: сацыялістаў і лібералаў. Прадстаўленыя імі варыянты таксама даволі жорсткія, большасць пунктаў супадаюць з меркаваннем Еўрапейскай народнай партыі. 20 студзеня Еўрапарламент прагаласуе па ўзгодненым усімі палітычнымі групамі дакуменце.