Што адбываецца ў адносінах дыктатара і БПЦ?
81- 9.01.2011, 11:37
Дзіўнае побач: афіцыйнае выданне Беларускай праваслаўнай царквы друкуе лісты з заклікамі вызваліць арыштаваных 19 снежня, Мітрапаліт Філарэт не спяшаецца віншаваць Аляксандра Лукашэнку з "перавыбраннем", а кіраўнік дзяржавы ігнаруе калядную літургію ў Менскім Свята-Духавым кафедральным саборы.
Што ж адбываецца ў адносінах дыктатара і Беларускай праваслаўнай царквы?
7 студзеня Мітрапаліт Менскі і Слуцкі Філарэт па традыцыі ў свята Нараджэння Хрыстова ўзначаліў Боскую літургію ў Менскім Свята-Духавым кафедральным саборы. Як паведамляе БЕЛТА, на набажэнстве прысутнічалі «прадстаўнікі дзяржаўнай і духоўнай улады, а таксама навуковых і творчых колаў Рэспублікі Беларусь». А вось Аляксандра Лукашэнкі, што традыцыйна наведвае дадзенае мерапрыемства, у саборы ў гэты дзень не назіралася.
Вядома, што так званы прэзідэнт запаліў калядную свечку ў больш вузкім коле ў Храме-помніку ў гонар Усіх Святых. Ён прызнаўся, што наогул "любіць кампактныя невялікія храмы, дзе ўтульна і можна пабыць сам-насам з самім сабой і Госпадам Богам». Дзіўна, што раней у такой любові да невялікім формаў і адзіноты кіраўнік дзяржавы заўважаны не быў. Традыцыйна наведваючы боскія літургіі, Аляксандр Лукашэнка звычайна не страчваў магчымасьць нават выступіць у храме з уласнай прамовай.
Што прымусіла яго ў гэты раз адмовіцца ад традыцыйнага паслання ў храме Божым, невядома.
Дзіўным выглядае яшчэ адзін факт. З моманту выбараў так і не атрымалася выявіць якога-небудзь віншавання на адрас Аляксандра Лукашэнкі ад Мітрапаліта Філарэта. Заяву ад Патрыярха Кірыла усё памятаюць, а вось Беларуская праваслаўная царква неяк вельмі сціпла абыйшла гэтую падзею. Па крайняй меры, ні на афіцыйным сайце прэзідэнта, ні на партале самой царквы такіх віншаванняў заўважана не было, паведамляе інтэрнэт-газета "Салiдарнасць".
Затое афіцыйнае выданне Беларускай праваслаўнай царквы «Царкоўнае слова» друкуе лісты з заклікамі вызваліць арыштаваных 19 снежня. «На працягу апошніх дзён у рэдакцыю прыходзяць лісты нашых чытачоў, звязаныя з падзеямі 19 снежня на плошчы Незалежнасці ў Менску. У гэтых лістах — трывога і занепакоенасць лёсам зняволеных, клопат аб стане здароўя пацярпелых, просьбы да Мітрапаліта Філарэта здзейсніць місію міратворчасці, міласэрнасці і яднання ў беларускім грамадстве», - цытуе артыкул з гэтага выдання «Наша Ніва».
Вось толькі некаторыя вытрымкі са зваротаў чытачоў да Мітрапаліта, якія прыводзіць «Царкоўнае слова»:
“Просім Вас заклікаць палітычных апанентаў да міласэрнасці, дабрыні і чалавекалюбства, даравання правінаў, просім хадайнічаць аб вызваленні і спыненні спраў супраць усіх зняволеных, каб светлае свята Божага Нараджэння яны маглі сустрэць дома разам са сваімі сем’ямі ў радасці ды згодзе і не баяліся далейшых затрыманняў або зняволення.
Просім хадайнічаць за ўсіх затрыманых студэнтаў і працоўных, каб яны не былі адлічаны са сваіх навучальных устаноў ці пазбаўлены сваіх працоўных месцаў, за ўсіх хворых і збітых, каб ім была аказана належная медыцынская дапамога. Бо толькі так, праявіўшы хрысціянскую міласэрнасць, мы зможам спыніць хвалю нянавісці і супрацьстаяння ды аднавіць спакой і братнюю любоў як у нашым грамадстве, так і ў нашых душах».
“Мы, вернікі Рэспублікі Беларусь, звяртаемся да Вас з просьбай аб малітве за тых, хто зараз знаходзіцца ў турмах, пасля падзей 19 снежня 2010 года ў нашай краіне. Сярод затрыманых ёсць цяжка хворыя, людзі сталага ўзросту, жанчыны і маладыя людзі.
Улічваючы Ваш аўтарытэт, просім Вас звярнуцца да кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь, каб у гэты святочны час, паміж Каталіцкім і Праваслаўным Раством, была праяўлена міласэрнасць, дабрыня і вызвалены датэрмінова ўсе затрыманыя”.
“На нашай зямлі вялікае гора, большае, чым пажары і навадненні ў іншых краінах. Больш за 600 чалавек апынуліся ў турме, сярод іх хрысціяне, прыхаджане нашых храмаў. Пакутуюць іх дзеці і бацькі. Нашага спачування і нашых слабых малітваў тут недастаткова.
Ваша Высокапраасвяшчэнства, мы просім Вашых святых малітваў за пацярпелых і зняволеных, а таксама Вашага хадайніцтва перад уладамі аб праяўленні міласэрнасці адносна зняволеных дзеля ўсталявання міру і спакою на зямлі нашай”.