Апальных адвакатаў не прабачаюць
11- 28.10.2011, 14:36
28 кастрычніка суд Маскоўскага раёна Менска адхіліў скаргу Тамары Сідарэнка на пастанову калегіі Міністэрства юстыцыі аб спыненні дзеяння ейнай адвакацкай ліцэнзіі.
Пра гэта Сідарэнка паведаміла БелаПАН.
31 жніўня калегія Мінюста зацвердзіла рашэнне аб спыненні дзеяння ліцэнзіі Сідарэнка, якая абараняла кандыдатаў у прэзідэнты на выбарах 2010 года Уладзіміра Някляева і Аляксея Міхалевіча. Дадзенае рашэнне было прынятае 17 жніўня кваліфікацыйнай камісіяй па пытаннях адвакацкай дзейнасці Мінюста на падставе двух прадпісанняў аб устараненні недахопаў у працы, якія былі выдадзеныя Сідарэнка ў гэтым годзе.
«Першы недахоп - тое, што ў СМІ было размешчанае маё інтэрв'ю па справе Някляева, я там нібыта няправільна выказалася, што мяне не дапускаюць да майго падабароннага», - сказала Сідарэнка. Акрамя таго, па выніках праверкі справавых папер за мінулыя гады ў яе былі знойдзеныя «пэўныя парушэнні ў справаздачах: у парадку заключэння пагадненняў», што пацягнула выдачу другога прадпісання.
«Я па меры магчымасці ўхіліла парушэнні, на падставе якіх мне былі выпісаныя прадпісанні», - падкрэсліла адвакат.
Па словах Сідарэнка, яна не згодная з вердыктам раённага суда. «Гэта рашэнне я лічу незаконным і буду скардзіцца далей. У касацыйным парадку я мае намер падаць скаргу ў Менскі гарадскі суд», - сказала адвакатка.