Зміцер Ус: «Заява Лукашэнкі - гэта чыстая хлусня»
113- 7.10.2011, 16:44
На прэс-канферэнцыі 7 кастрычніка Лукашэнка заявіў, што кандыдат у прэзідэнты Зміцер Ус быў адпушчаны на волю з дыягназам «лёгкая шызафрэнія» і другой групай інваліднасці.
- Адзін напісаў заяву аб тым, што ён псіхалагічна знясілены. Ну, змясцілі яго ў лякарню, правялі абследаванне. У яго ступень шызафрэніі, далі яму другую групу інваліднасці, - сказаў Лукашэнка. - Нельга ж трымаць у турме хворага чалавека, інваліда. Выпусцілі яго, - сказаў кіраўнік дзяржавы.
Падчас онлайн-канферэнцыі на «Радыё Свабода» Зміцер Ус пракаментаваў гэтую заяву, адказваючы на пытанне чытачоў сайта.
- Ну што я магу сказаць? У мяне неўралагічнае захворванне было, з шызафрэніяй не звязанае. У мяне карабіны і зброя ёсць у наяўнасці. Калі ён хоча мяне зрабіць шызафрэнікам, гэта піяр-ход, каб абліць мяне брудам. Я праходзіў усе камісіі, у мяне пасведчанне кіроўцы. Ніякай шызафрэніі няма. Гэта чыстая хлусня, - адказаў Зміцер Ус.