Мядзведзеў растлумачыў, чаму беларускі рэжым - банкрут
143- 11.11.2011, 12:11
У Беларусі - 100% інфляцыя, таму што рэформы своечасова не рабілі, заявіў прэзідэнт Расеі.
Прэзідэнт РФ Дзмітрый Мядзведзеў выкарыстаў валютна-эканамічны крызіс у Беларусі ў якасці нагляднага дапаможніка аб неабходнасці далейшай дыверсіфікацыі расейскай эканомікі.
«Мы, нягледзячы на складанасці апошняга перыяду, цяпер забяспечылі нядрэнны рост ВУП, у гэтым годзе недзе ў раёне 4-4,5% будзе. Я нагадаю, што ў Еўразвязе і ЗША гэты рост будзе ад 0 да 1%... Вытрымаем, не хвалюйцеся», - заявіў сёння Мядзведзеў на Амурскім кабельным заводзе, якога цытуюць расейскія СМІ.
«Макраэканамічныя ўмовы ў нас нядрэнныя, але калі б я сказаў, што мы забраніраваныя ад праблемаў, гэта быў бы падман. Мы і ў 2008 годзе не былі закрытыя, таму што мы частка сусветнай эканомікі, але трэба зрабіць так, каб нашая залежнасць ад ваганняў на сыравінным рынку была значна ніжэйшай, чым ёсць зараз», - працягнуў прэзідэнт РФ і адзначыў, што па выніках года чакаецца самая нізкая - каля 7 % - інфляцыя за ўсю сучасную гісторыю Расеі.
«Калі супаставіць з тым, што ў нас адбывалася гадоў дзесяць таму, - гэта зусім іншыя лічбы. І давайце паглядзім, што ў нашых суседзяў адбываецца, у нашых блізкіх суседзяў, сяброў - беларусаў: у іх 100% інфляцыя. Чаму? Таму што трэба своечасова рэформы рабіць», - заявіў Мядзведзеў.
Па ягоных словах, неабходна дыверсіфікаваць эканоміку, развіваць прамысловасць, рэальны сектар, правесці «новую індустрыялізацыю».
«Калі нам гэтага атрымаецца дасягнуць, мы будзем у лепшай ступені закрытыя ад міжнародных праблем, але цалкам закрыцца ніхто не можа. Я ўпэўнены аптыміст, мяркуючы па тым, што адбываецца цяпер, цяжкасцяў шмат у нашых калегаў, асабліва ў зоне еўра. І яшчэ вельмі важна са сваімі партнёрамі дамаўляцца», - сказаў на заканчэнне Мядзведзеў.