Скандал у «палатцы»: затрыманы начальнік сакратарыята
46- 3.11.2011, 9:06
Праваахоўнымі органамі затрыманы начальнік сакратарыята так званага «Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу» Глеб Бядрыцкі.
Афіцыйна інфармацыю аб затрыманні ўплывовага чыноўніка, пакуль ніхто не пацвярджае. Але неафіцыйна аб скандале гавораць ужо вельмі шматлікія, праўда, не з прэсай. Калегі Глеба Бядрыцкага, якія сталі сведкамі затрымання кіраўніка, на ўсе пытанні пра ягоны лёс і аб прычынах спецаперацыі сілавікоў, нібыта ў рот вады набралі.
Між тым, факт затрыманне Бядрыцкага «Ежедневнику» пацвердзілі крыніцы як набліжаныя да «Савету Рэспублікі», так і самі сілавікі. Так у МУС паведамілі, што затрыманне Бядрыцкага адбылося ў другой палове 20 кастрычніка. Некалькі моцных мужчын у масках вывелі чыноўніка з ягонага службовага кабінета, размешчанага на чацвёртым паверсе, правялі каля здзіўленых калегаў па параднай лесвіцы, пасадзілі ў машыну і павезлі ў невядомым кірунку.
Пасля затрымання, сайт «Савета Рэспублікі» адразу ж падвергнуўся зменам - фотаздымкі затрыманага зніклі.
Пра прычыны затрымання буйнога чыноўніка пакуль няма асаблівай канкрэтыкі. Паводле інфармацыі крыніцы з МУС, Бядрыцкага нібыта затрымалі з доказамі злачынства ў момант атрымання нейкіх грошай. Нібыта ў момант затрымання з ім знаходзіўся ягоны падначалены - намеснік начальніка аднаго з упраўленняў. Якія грошы атрымаў Бядрыцкі і ці можа ісці гаворка пра хабар, павінна стаць вядома ўжо бліжэйшы час.
Між тым, як паведамляюць крыніцы, атрымаўшы ўвосень 2003 года прызначэнне на цяперашнюю пасаду, Бядрыцкі нібыта перацягнуў пад сваё крыло знаёмых маладых людзей, а ў якасці падзякі за хлебнае месца (сярэдні заробак у гэтым ведамстве - 3-5 мільёнаў рублёў) мог запатрабаваць шэраг паслугаў. Пагаворваюць, да прыкладу, што начальнік сакратарыята будаваў катэдж, карыстаючыся дапамогай падначаленых. Наколькі праўдзівая гэтая інфармацыя і ці ёсць тут злоўжыванне - гэта ўжо пытанні да следства.
Варта адзначыць, што да сваіх 37 гадоў выхадзец з Наваполацка Глеб Бядрыцкі зрабіў галавакружную кар'еру. Па дадзеных «Ежедневника», адразу пасля заканчэння ў 1996 годзе Беларускай дзяржаўнай політэхнічнай акадэміі па спецыяльнасці «прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва», ён быў прызначаны супрацоўнікам амбасады Беларусі ў ФРГ. Згодна з біяграфіяй, размешчанай на сайце «Савета Рэспублікі, Бядрыцкі, які скончыў у 2000 годзе Акадэмію кіравання пры прэзідэнце Рэспублікі Беларусь па спецыяльнасці «сусветная эканоміка і міжнародныя эканамічныя адносіны», працаваў у Міністэрстве архітэктуры і будаўніцтва і апараце Саўміна. Бядрыцкі - сябар Асацыяцыі генеральных сакратароў парламентаў, Генеральны сакратар Нацыянальнай групы Рэспублікі Беларусь у Міжпарламенцкім Саюзе, уладальнік Ганаровай граматы «палаткі».
Каментуючы магчымыя прэтэнзіі следства да затрыманага, крыніца звярнула увагу на службовыя абавязкі Бядрыцкага, якія тычацца размеркавання фінансаў. Гаворка ідзе пра «прадстаўленне ва ўсталяваным парадку матэрыялаў для прэміравання працаўнікоў Сакратарыята Савета Рэспублікі, вырашэнне пытанняў выдачы іншых грашовых выплат працаўнікам Сакратарыята Савета Рэспублікі; прымянення мер заахвочвання і дысцыплінарнага спагнання ў выпадках, прадугледжаных Палажэннем аб Сакратарыяце Савета Рэспублікі; распараджэнні, па ўзгадненні са Старшынём Савета Рэспублікі, маёмасцю, замацаванай за Сакратарыятам Савета Рэспублікі, а таксама фінансавымі сродкамі ў межах каштарысу выдаткаў Савета Рэспублікі».
Нібыта, карыстаючыся неабмежаванымі магчымасцямі размяркоўваць прэміі, Бядрыцкі шчодра дорыць іх некаторым маладзенькім жанчынам, запрошанм з іншых арганізацый і якія зрабілі хуткую кар'еру, а таксама некаторым прадстаўнікам моцнага полу, як мяркуецца, якія дапамагалі ў будаўніцтве катэджа.
Пра ўсё гэта дзяржорганам паведамлялася ў некалькіх ананімных лістах. Верагодней за ўсё менавіта гэтыя ананімкі і сталі прычынай аператыўнай распрацоўкі буйнога чыноўніка.
Чакаецца, што ў бліжэйшы час павіннае быць прынята рашэнне аб далейшым лёсе Глеба Бядрыцкага. Яму альбо прад'явяць абвінавачванне і абяруць меру стрымання, альбо, калі дастатковых падставаў не знойдзецца, адпусцяць з выбачэннямі.