9 чэрвеня 2026, aўторак, 6:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ЗША зробяць эканамічныя санкцыі супраць лукашэнкаўскага рэжыму больш жорсткімі

35
ЗША зробяць эканамічныя санкцыі супраць лукашэнкаўскага рэжыму больш жорсткімі

Услед за Еўразвязам санкцыі ў дачыненні афіцыйнага Менска ўвялі Злучаныя Штаты, пры гэтым санкцыі носяць не толькі палітычны, але і эканамічны характар.

У заяве афіцыйнага прадстаўніка Дзярждэпартамэнту ЗША Філіпа Кроўлі гаворыцца, што Злучаныя Штаты аб'яўляюць аб увядзенні мер у адказ на «брутальнае падаўленне прэзідэнтам Лукашэнкам і ўрадам Беларусі дэманстрацыі пасля прэзідэнцкіх выбараў», «непрапарцыйнае прымяненне сілы і затрыманне сотняў дэманстрантаў, уключаючы пяцёрых кандыдатаў у прэзідэнты, безупынныя рэйды супраць грамадзянскай супольнасці, СМІ і палітычных партый, закрыццё офіса АБСЕ ў Менску і фальсіфікацыі пры падліку галасоў» , паведамляе БелаПАН.

ЗША аднавілі эканамічныя санкцыі ў дачыненні беларускіх прадпрыемстваў «Полацк Шкловалакно» і «Лідская Лакафарба», пашырылі спіс асобаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю краіны. Па словах Кроўлі, уезд у ЗША будзе закрыты для тых асоб і іх сем'яў, хто датычны разгону акцыі пратэсту 19 снежня ў Мінску і наступных рэпрэсіяў у Беларусі.

«ЗША таксама працуюць над фінансавымі санкцыямі ў дачыненні шэрагу асоб і прадпрыемстваў у Беларусі. Крытэрам траплення ў гэты спіс стане дачыненне да дзеянняў па задушэнні дэмакратычных інстытутаў ці парушэння правоў чалавека з дапамогай палітычных рэпрэсій», - сказаў Кроўлі.

Ён падкрэсліў, што ЗША настойваюць на неадкладным вызваленні ўсіх затрыманых і зняцці з іх усіх абвінавачванняў, спыненні рэпрэсій у дачыненні грамадзянскай супольнасці, незалежных СМІ і палітычнай апазіцыі, а таксама павазе права на выказванне палітычных поглядаў, свабоду СМІ і развіццё грамадзянскай супольнасці. Па словах Кроўлі, ЗША будуць рэагаваць і будаваць сваю палітыку ў дачыненні да Беларусі ў адпаведнасці з дзеяннямі беларускага ўрада.

«Прынятыя меры не накіраваныя супраць беларускага народа. Злучаныя Штаты плануюць павялічыць у гэтым годзе як мінімум на 30% дапамогу беларускай грамадзянскай супольнасці, незалежным СМІ і дэмакратычным палітычным партыям», - сказаў Кроўлі.

Ён заявіў, што ЗША дзейнічаюць у шчыльнай каардынацыі з ЕЗ і іншымі партнёрамі ў дачыненні сітуацыі ў Беларусі і адказу на падзеі, якія адбыліся.

31 студзеня міністры замежных спраў краін ЕЗ заявілі аб візавых санкцыях у дачыненні 158 беларускіх чыноўнікаў, уключаючы Аляксандра Лукашэнку і ягоных старэйшых сыноў Віктара і Зміцера.

Напісаць каментар 35

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках