19 красавiка 2024, Пятніца, 20:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларуская сітуацыя абмяркоўвалася з Вярхоўным Камісарам ААН па правах чалавека

5

13 лютага ў Маскве адбылася сустрэча расейскіх і міжнародных грамадзянскіх арганізацый з Вярхоўным Камісарам ААН па правах чалавека Наванэтхем Пілэй.

На сустрэчы абмяркоўвалася шырокае кола пытанняў, звязаных з правамі чалавека ў Расеі, у ліку якіх ўвага была нададзеная і становішчу праваабаронцаў. Сустрэчу вёў Юрый Джыбладзэ, прэзідэнт Цэнтра развіцця дэмакратыі і правоў чалавека, арганізацыі-ўдзельніка Камітэта міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі. У мерапрыемстве таксама ўдзельнічалі прадстаўнікі шэрагу іншых арганізацый-удзельніц Камітэта.

Падчас свайго пленарнага даклада па становішчы праваабаронцаў Дзмітрый Макараў, сябра Каардынацыйнай рады Моладзевага Праваабарончага Руху, адной з арганізацый-удзельніц Камітэта міжнароднага кантролю, адзначыў асобныя выклікі і тэндэнцыі, якія, на жаль, выйшлі за межы нацыянальных дзяржаваў, і таму асобная ўвага была таксама нададзеная становішчу праваабаронцаў у Беларусі.

Пасля сустрэчы ўдзельнікі Камітэта міжнароднага кантролю правялі нефармальныя абмеркаванні ягоных далейшых дзеянняў, а таксама адбылася размова Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека з кіраўніком Міжнароднай назіральнай місіі ў Беларусі Андрэем Юравым і прадстаўніком Камітэта Дзмітрыем Макаравым.

У ходзе гэтай гутаркі Вярхоўнаму камісару былі агучаныя прапановы па наведванні Рэспублікі Беларусь прадстаўнікамі структур ААН па правах чалавека, альбо запрашэнні праваабаронцаў Беларусі на асобную сустрэчу па абмеркаванні сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі і выпрацоўцы рэкамендацый з боку ААН да ўладаў Рэспублікі Беларусь. Вярхоўнаму камісару былі перададзеныя матэрыялы Місіі па становішчы праваабаронцаў, адвакатаў і журналістаў у Беларусі, падрыхтаваныя сумесна з беларускімі арганізацыямі.

Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека паведаміла, што з цікавасцю сочыць за сітуацыяй у Рэспубліцы Беларусь. Яна выказала гатоўнасць ўважліва вывучаць матэрыялы і рэкамендацыі па паляпшэнні становішча з правамі чалавека ў Беларусі, якія прадстаўляюцца беларускімі праваабарончымі арганізацыямі і Місіяй. Акрамя гэтага Наванэтхем Пілэй адзначыла унікальнасць такой міжнароднай грамадзянскай ініцыятывы як Камітэт і Місія ў якасці адказу на масавыя парушэнні правоў чалавека.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках