Каталікі просяць біскупаў выступіць у абарону палітвязняў
20- 24.02.2011, 14:28
Зварот падпісалі вернікі з дзесяткаў гарадоў Беларусі.
Дзесяткі каталікоў просяць біскупаў выступіць у абарону палітвязняў. Зварот накіраваны кардыналу Казіміру Свёнтку, архібіскупу Марцін Відавічу, архібіскупу Тадэвушу Кандрусевічу, біскупам Аляксандру Кашкевічу, Антонію Дзем'янку, Уладзіславу Бліну, Казіміру Велікасельцу.
«Мы просім Вас, Глыбокапаважаная пастыры, не заставацца абыякавымі да грубага парушэння нормаў законнасці, справядлівасці, правоў чалавека, якое назіраецца ў нашай краіне», - гаворыцца ў звароце.
«Мы ўсведамляем, што сітуацыя, якая сёння склалася ў нашай краіне, занадта складаная для таго, каб вырашыць яе выключна чалавечымі сіламі. Але, як казаў Ісус, «што немагчыма ў людзей, тое магчыма ў Бога» Таму заклікаем Вас нястомна маліцца за нашу краіну - каб Бог дапамог спыненню беззаконня і гвалту і вяртанню справядлівасці і спакою. Заклікаем Вас маліцца за тых, хто сёння пры ўладзе - каб яны пакаяліся і перасталі чыніць несправядлівасць. Заклікаем Вас маліцца за ўвесь беларускі народ - каб людзі, ўмацаваныя Духам Святым, не баяліся ў нялёгкіх і небяспечных умовах кіравацца сваім сумленнем, а не парадкамі «гэтага свету».
Мы просім Вас прыкласці ўсе магчымыя намаганні для аднаўлення ў нашай краіне справядлівасці і супакою», - кажуць аўтары звароту.