Акцыю салідарнасці ў Брэсце забаранілі з-за залікаў МНС
6- 17.03.2011, 10:38
Брэсцкі гарвыканкам забараніў пікет у падтрымку палітвязняў і іхніх сем'яў.
Заяву на правядзенне гэтай акцыі 19 сакавіка з 11.00 да 13.00 на тэрыторыі стадыёна «Лакаматыў» падавалі мясцовыя актывісты выбарчага штаба Уладзіміра Някляева на прэзідэнцкіх выбарах - сябра нацыянальнага камітэта Аб'яднанай грамадзянскай партыі Уладзімір Вуек і старшыня абласной арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Маслоўскі .
На спецыяльных планшэтах пікетоўцы планавалі размясціць інфармацыйныя матэрыялы аб падзеях на плошчы 19 снежня ў Менску і палітвязняў.
Як паведаміў БелаПАН Вуек, 16 сакавіка ён патэлефанаваў у гарвыканкам, дзе яму заявілі: у правядзенні пікету адмоўлена на той падставе, што ў гэты дзень на стадыёне запланаваны нарматыўныя залікі ў работнікаў МНС.
«Лакаматыў» - адзінае месца ў горадзе для правядзення масавых мерапрыемстваў, - адзначыў Вуек. - Мы расцэньваем забарону пікетавання як парушэнне нашага права на свабоду сходаў, мітынгаў і шэсцяў, якое дэкларуе артыкул 35 Канстытуцыі».
Ён не выключае, што 19 сакавіка актывісты прыйдуць на стадыён. «Мы жадаем пераканацца, ці сапраўды тэрыторыя гэтага аб'екта будзе настолькі задзейнічаная, што для нашага пікету з колькасцю ўдзельнікаў да 20 чалавек не хопіць месца. Пасля гэтага, хутчэй за ўсё, будзем звяртацца ў суд», - сказаў ён.