Стэфановіч: Відавочна, што быў загад арыштаваць менавіта Івашкевіча (Фота)
11- 29.03.2011, 7:50
«Сведак»-міліцыянтаў у суд нават не выклікалі.
Суддзя Савецкага суду Менска Аксана Ралява прысудзіла да 10 сутак адміністрацыйнага арышту вядомага палітыка Віктара Івашкевіча, якога затрымалі на Дзень Волі.
Каардынатара грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Віктара Івашкевіча прывезлі ў Савецкі суд пасля ізалятара на Акрэсціна. Няголенага, стомленага. На момант пачатку адміністрацыйнага працэсу ўжо было вядома пра прысуд актывістцы БХД Ірыне Губскай - яе прысудзілі да трох сутак адміністрацыйнага арышту. Аднак надзеі сяброў Івашкевіча, якія прыйшлі ў суд яго падтрымаць на тое, што суддзя Аксана Рэлява таксама абмяжуецца мінімальным тэрмінам, не апраўдаліся. Івашкевіча суд прызнаў вінаватым у хуліганстве, якое нібыта выявілася ў брыдкаслоўі на вуліцы, і прысудзіў да 10 сутак арышту, паведамляе «Радыё Свабода».
Віктар Івашкевіч сваёй віны не прызнаў і абвяргаў паказанні сведак, міліцыянтаў Бірулі і Безлюдава, якія ў суд нават не з'явіліся. Івашкевіч настойваў, каб сведкаў выклікалі, але суддзя задаволілася тым, што зачытала іхнія пісьмовыя паказанні, згодна з якімі Івашкевіч нібыта не толькі брыдкасловіў, а яшчэ і не адрэагаваў на заўвагу.
Па словах сведкаў з боку Івашкевіча, ніякіх заўваг яму ніхто не рабіў.
«Гэта адбылося імгненна. Наляцелі ззаду, схапілі і зацягнулі ў міліцэйскі аўтамабіль. Гэта было непадалёк ад Галерэі сучаснага мастацтва, недзе каля 20 хвіліне на сёмую», - распавяла сведка.
Тое ж казала і сведка Ада Чалей. Па словах адвакаткі Марыны Кавалеўскай, віна Віктара Івашкевіча не была даказаная:
«Лічу неабходным адзначыць, што не быў даказаны сам факт адміністрацыйнага парушэння, а сведкі, якія там былі, паказалі, што на самой справе нічога, пра што казалі сведкі-міліцыянты, не адбывалася. Таму прашу вызваліць Івашкевіча ад адміністрацыйнай адказнасці і спыніць вытворчасць па ягонай справе».
Суддзя Аксана Ралява, аднак, вырашыла інакш. Паказанні сьведак-міліцыянтаў суддзя палічыла вартымі даверу, а вось паказанням сведак з боку Івашкевіча не паверыла.
Праваабаронца Валянцін Стэфановіч адзначыў пэўную асаблівасць у адміністрацыйных працэсах апошняга часу ў дачыненні да актывістаў апазіцыі:
«Відавочна, што быў загад затрымліваць мэтанакіравана Івашкевіча. Яны яго выканалі, а потым пачалі думаць, за што яго арыштаваць. І тады вырашылі, што нібыта брыдкасловіў. Такім чынам, ізноў выкарыстоўваюць адміністрацыйную артыкул аб хуліганстве ў палітычных мэтах. Пачалі масава ў 2006 годзе, цяпер зноў аднавілі. І яшчэ з 19 снежня назіраецца цікавая тэндэнцыя, што нават сведкаў-міліцыянтаў у суды не выклікаюць. Некалькі разоў Івашкевіч прасіў суд паклікаць гэтых сведкаў, Бірулю і Бязлюдава. Суд не адрэагаваў. Гэта яскрава сведчыць аб характары такіх судоў».
Адбываць пакаранне Віктар Івашкевіч адпраўлены ў той жа ізалятар на вуліцы Акрэсціна. Пра харчаванне, якое было там на працягу двух дзён, вязень паспеў сказаць: «Давалі нейкую кашу...»
