У Менску жалоба па ахвярах тэракту
3- 13.04.2011, 11:34
13 красавіка ў Менску абвешчаная жалоба па 12 ахвярам крывавага тэракту ў метрапалітэне.
13 красавіка пройдуць першыя пахаванні загінулых у выніку выбуху. Учора ўвечары прыйшло паведамленне, што апазнаныя асобы ўсіх 12 ахвяраў выбуху ў менскім метро. Гэта 5 жанчын і 7 мужчын, самаму малодшаму з іх Сяргею Герасімчыку 17 гадоў, самаму сталаму Аляксандру Парфунцаву - 47. Большасць з іх менчукі, але ў метро загінулі таксама жыхары Баранавічаў, Любаньскага і Пухавіцкага раёнаў. Двое з іх сёння будуць пахаваныя на могілках у Калодзішчах, пад Менскам, магілы іх выкапаюць побач, бо гэтыя людзі былі ў грамадзянскім шлюбе. Пахаванне адбудзецца за кошт менскага бюджэту, сем'і ахвяраў атрымаюць таксама грашовую кампенсацыю ў памеры, эквівалентным 10 тысячам даляраў, нагадвае «Радыё Свабода» .
Што тычыцца параненых падчас тэракту, то па стане на 19 гадзін 12 красавіка за медыцынскай дапамогай звярнулася 193 чалавекі, з іх было шпіталявана 165 чалавек. Як кажуць лекары, 11 з іх у крытычным стане, за іхняе жыццё змагаюцца. Мііж тым учора з менскіх клінік былі выпісаныя 9 чалавек, якія пацярпелі ад тэракту.
Учора ўвечары ў Менск прыбылі спецыялісты следчага камітэта Расеі для дапамогі беларускім следчым, сёння раніцай прыехалі ізраільскія спецыялісты.
Пасля ўчорашняй панічнай хвалі ў Менску, калі кожны праезд хуткай або пажарнай машыны з уключанай сірэнай выклікаў чуткі аб новым тэракце, МУС папрасіла выратавальныя службы менш выкарыстоўваць гэтыя сірэны, а людзей быць больш цярплівымі, калі іх будуць правяраць у сувязі з падвышанымі мерамі бяспекі.
Першая лінія Менскага метро не працуе і сёння, бо пакуль не завершаныя рамонтныя працы на станцыі метро «Кастрычніцкая» - таму менчукоў па-ранейшаму чакаюць транспартныя праблемы.