25 красавiка 2024, Чацвер, 1:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Валер Булгакаў: Стратэгічна Расея зацікаўлена ў тармажэньні беларускага нацыятварэньня

92
Валер Булгакаў: Стратэгічна Расея зацікаўлена ў тармажэньні беларускага нацыятварэньня

2 красавіка ў Беларусі афіцыйна адзначаецца "Дзень яднаньня народаў Беларусі і Расеі".

15 гадоў там была падпісаная дамова аб стварэньні Супольнасьці Беларусі і Расеі, якая потым пераўтварылася ў гэтак званую "саюзную дзяржаву". Які шлях за гэтыя гады прайшоў праект беларуска-расейскай інтэграцыі? Як зьмянілася стаўленьне да Беларусі расейскага кіраўніцтва? На гэтая пытаньне для Радыё Свабода адказвае палітоляг, галоўны рэдактар часопіса "Архэ" Валер Булгакаў.

Цыганкоў: Супольнасьць Беларусі і Расеі, якая пазьней перарасла ў гэтак званую "Саюзную дзяржаву", ўтваралася ў сярэдзіне 90-х, калі былі зусім іншыя геапалітычныя і ўнутрыпалітычныя ўмовы. На вашу думку, ці адпавядае на сёньня гэты праект інтарэсам беларускіх і расейскіх палітычных эліт ці ён застаўся пераважна ідэалягічным праектам, і рэальнага напаўненьня ня мае?

Булгакаў: Калі ён існуе то, відаць, нейкім інтарэсам беларускіх і расейскіх эліт ён адпавядае. Проста цягам усяго гэтага часу ішло перафармуляваньне гэтых інтарэсаў. Сапраўды, 15 гадоў назад існавала ўражаньне, што праект супольнай дзяржавы можа быць увасоблены. І ў Расеі і ў Беларусі пэўнай часткай грамадзтва ён успрымаўся як рэалістычны.

Цяпер выяўляецца, што ён ад самога пачатку быў прырэчаны на існаваньне ў фантомным статусе. Тым ня менш нават фармальнае яго існаваньне, культывацыя гэтага тэрміну "саюзная дзяржава", а таксама пэўных структур і інстытуцыяў пацьвярджаюць думку, што ён па-ранейшаму цікавы пэўным палітыкам як у Беларусі, так і ў Расеі.

Цыганкоў: Ці не здаецца вам, што апошнія гады і асабліва месяцы Расея мяняе сваё стаўленьне да стасункаў з беларускім кіраўніцтвам? Калі раней існавала нейкае падабенства адносінаў на роўных, то цяпер усё больш фармуецца стаўленьне па схеме васала і сюзэрэна?..

Булгакаў: Калі пачыналася ўся валтузьня вакол "саюзнай дзяржавы", то ў Расеі назіраўся паралюш улады. Гэта быў час, калі фармаваўся сучасны алігархічны рэжым, раскраданьне "народнага дабра". І тут трэба аддаць належнае Лукашэнку, які ўлавіў, што ў Расеі адбываюцца працэсы, на якіх можна здабываць эканамічную, палітычную і іншую выгаду.

Што тычыцца цяперашняга моманту, то мы бачым кансалідацыю аўтарытарнай дзяржавы ў Расеі, узьнікненьне больш эфэктыўнага палітычнага рэжыму. Але мы ня бачым стратэгічнага пераасэнсаваньня мэтаў расейскай палітыкі ў дачыненьні да Беларусі.

Фармат застаецца тым самым, толькі больш непрыманьня выклікае сам Аляксандар Лукашэнка. Стратэгічна Расея зацікаўлена ў тармажэньні беларускага нацыятварэньня, у падаўляючай інфармацыйнай прысутнасьці ў Беларусі , у росквіце расейскай мовы, у маргінальным статусе беларускай мовы ды іншых падобных рэчаў. Такі падыход застаецца нязьменным ужо шмат гадоў. І я думаю, што незалежна ад асобы беларускага прэзыдэнта ён будзе такім ці іншым спосабам артыкулявацца і нават па меры магчымасьці рэалізоўвацца ў жыцьцё.

Напісаць каментар 92

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках