25 красавiка 2024, Чацвер, 17:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Абвінавачванне Ірыне Халіп, Зміцеру Бандарэнку, Паўлу Севярынцу і Сяргею Марцалеву зробілі больш мяккім

46
Абвінавачванне Ірыне Халіп, Зміцеру Бандарэнку, Паўлу Севярынцу і Сяргею Марцалеву зробілі больш мяккім

Следчым упраўленнем папярэдняга расследавання ГУУС Менгарвыканкама палітвязням прад'яўленае новае абвінавачванне.

Жонцы кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Андрэя Саннікава Ірыне Халіп, каардынатару грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь" Зміцеру Бандарэнку, сустаршыні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" Паўлу Севярынцу і начальніку штаба кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Статкевіча Сяргею Марцалеву прад'яўленае новае абвінавачванне па ч.1.арт.342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Усе яны працягваюць знаходзіцца пад арыштам.

У паведамленні прэс-службы МУС гаворыцца, што "безгрунтоўныя сцвярджэнні аб прызнанні выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь несапраўднымі, якія прагучалі ў іхніх публічных заявах, сталі штучна створанай падставай для рэакцыі дзяржаваў Еўрапейскага Звязу і ЗША, якія распачалі меры па ўвядзенні са свайго боку санкцый як спосаб эканамічнага і палітычнага ціску на афіцыйную ўладу ў Беларусі".

У бліжэйшы час палітычныя вязні рэжыму азнаёмяцца з матэрыяламі так званых крымінальных спраў, "якія пасля будуць накіраваныя ў суд праз органы пракуратуры", паведамляе прэс-служба МУС.

Раней абвінавачванні з артыкулу 293 "Масавыя беспарадкі" на артыкул 342 змянілі кандыдатам у прэзідэнты Уладзіміру Някляеву, Віталю Рымашэўскаму, журналісту, паплечніку Някляева Аляксандру Фядуту, паплечніку Някляева Сяргею Вазняку, кіраўніку выбарчага штабу Някляева Андрэю Дзмітрыеву і актывістцы "Маладога фронту" Анастасіі Палажанка.

Кандыдат у прэзідэнты Андрэй Саннікаў, а таксама Мікалай Статкевіч і Зміцер Ус абвінавачаныя ў арганізацыі так званых "масавых беспарадкаў". Ім пагражае турэмнае зняволенне да 15 гадоў пазбаўлення волі.

Даведка:

Артыкул 342. Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх

1. Арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаныя з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады або пацягнулі парушэнне працы транспарту, прадпрыемстваў, установаў альбо арганізацый, альбо актыўны ўдзел у такіх дзеяннях пры адсутнасці прыкмет больш цяжкага злачынства -

караюцца штрафам, або арыштам на тэрмін да шасці месяцаў, ці абмежаваньнем волі на тэрмін да трох гадоў, або пазбаўленнем волі на той жа тэрмін.

2. Навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, а таксама фiнансаванне або iншае матэрыяльнае забеспячэнне такой дзейнасці пры адсутнасці прыкмет больш цяжкага злачынства -

караюцца арыштам на тэрмін да шасці месяцаў або пазбаўленнем волі на тэрмін да двух гадоў.

Напісаць каментар 46

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках