Бярозавік пайшоў... Радыёнуклідны таксама
4- 5.04.2011, 10:52
На Гомельшчыне ва ўсю ідзе нарыхтоўка бярозавіка. А кляновы сок пачалі падчочваць яшчэ пры канцы сакавіка.
Аднак не кожнаму ведама, што палова ўсіх лясных масіваў Гомельскага лясгаса знаходзяцца на тэрыторыі, забруджанай радыёнуклідамі.
Па словах інжынера-радыёлага Гомельскага лясгаса Андрэя Адамчыкава, 15 % гэтай тэрыторыі – маюць шчыльнасць забруджвання глебы звыш 15 Кюры на квадратны кіламетр. Гэта азначае, што тут катэгарычна забаронены збор бярозавіку.
Пры нарыхтоўцы бярозавіка трэба памятаць, што канцэнтрацыя радыёцэзія ў лясным пітве залежыць ад таго, у якіх умовах знаходзяцца дрэвы. У вільготных нізінах утрыманне радыёнуклідаў можа павялічвацца ўтрая. Гэтаксама і падчас завяршэння падсочкі, калі лісцікі на бярозах набіраюцца моцы і актывізуецца рух сока па ствалу і галінах. Апроч таго, крайне неабходна прыкрываць ёмкасці і сам латок марляй, каб у сок не трапіў лясны пыл, рознае смецце, паведамляе "Народная воля".
Найбольш прыдатнымі і бяспечнымі месцамі для збору лясных дароў і бярозавіка на тэрыторыі Гомельскага лясгаса з’яўляюцца лясы Грабаўскага, Калінінскага, Церухскага і Шарпілаўскага лясніцтваў. У пералічаных гаспадарках радыёактыўнае забруджванне глебы менш за 1 Кі/км2, а таксама Даўгалескага і Стара-Дзятлавіцкага лясніцтваў, дзе толькі некалькі кварталаў леса адносяцца да зоны забруджвання – 1-2 Кі/км2.
Найбольш забруджаны лясы Шабрынскага і Добрушскага лясніцтваў. Там ёсць кварталы, дзе нарыхтоўка бярозавіка забаронена. Мясцовыя ведаюць, важна, каб падсочкай не займаліся прыезджыя...