У Менскай вобласці забароняць продаж «чарнілаў»?
68- 14.05.2011, 9:15
Менская вобласць выступае за спыненне продажу пладова-ягадных вінаў, паведаміў на прэс-канферэнцыі 13 мая старшыня Менаблвыканкама Барыс Батура.
«Пачнем са Слуцка, потым пойдзем па ўсёй вобласці», - сказаў Батура, адказваючы на пытанне аб эксперыменце па забароне на два месяцы продажу пладова-ягадных вінаў у гэтым райцэнтры, паведамляе БелаПАН.
«У прынцыпе, мы будзем праводзіць працу, каб пладовых вінаў не стала, па крайняй меры, у нашай вобласці, і мы гэтым сур'ёзна займаемся», - заявіў кіраўнік вобласці.
Ён паведаміў, што кіраўніцтва вобласці вядзе перамовы з Грузіяй аб стварэнні ў Менскай вобласці прадпрыемства па разліве вінаградных вінаў. «Трэба зрабіць так, каб кошт гэтых вінаў быў даступны, і той, у каго ёсць патрэба, мог выпіць нармальнае віно», - лічыць Батура.
Пры гэтым ён адзначыў, што эксперымент у Слуцку - гэта рашэнне Менаблвыканкама пры падтрымцы жыхароў раёна.