Мінюст правядзе пазачарговую атэстацыю адвакатаў
19- 31.05.2011, 9:22
Міністэрства юстыцыі загадала правесці пазачарговую атэстацыі адвакатаў абласных і Менскай гарадской калегій адвакатаў з 15 чэрвеня па 15 верасня 2011 года.
Галоўным упраўленням юстыцыі абласных (Менскага гарадскога) выканаўчых камітэтаў даручана ў тэрмiн да 5 чэрвеня 2011 г стварыць тэрытарыяльныя атэстацыйныя камісіі з прадстаўнікоў галоўных упраўленняў юстыцыі, органаў адвакацкага самакіравання, «дэпутатаў» мясцовых Саветаў дэпутатаў, судоў, прадстаўнікоў юрыдычнай навукі.
Атэстацыя старшыняў намеснікаў старшыняў Рэспубліканскай, абласных і Менскай гарадской калегій адвакатаў, загадчыкаў гарадскімі і раённымі юрыдычнымі кансультацыямі, кіраўнікоў іншых арганізацыйных формаў ажыццяўлення адвакацкай дзейнасці праводзіцца Кваліфікацыйнай камісіяй па пытаннях адвакацкай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь.
Пры правядзенні атэстацыі адвакатаў будуць улічвацца якасныя і колькасныя паказчыкі работы адвакатаў па розных катэгорыях спраў, выкананне бясплатнай юрыдычнай дапамогі, прававая асвета насельніцтва, наяўнасць дысцыплінарных спагнанняў, прадпісанняў і паданняў органаў юстыцыі аб ліквідацыі парушэнняў заканадаўства.
Нагадаем, Мінюст вядзе сапраўдную вайну з адвакацкай супольнасцю пасля падзей 19 снежня, калі сотні дэмакратычных актывістаў былі рэпрэсаваныя, а кандыдаты ў прэзідэнты апынуліся ў турме. Пад ціскам Мінюста быў адхілены ад пасады старшыня Мінскай гарадской калегіі адвакатаў Аляксандр Пыльчанка, пазбаўленыя ліцэнзіі адвакаты палітвязняў, у тым ліку, Павал Сапелка, абаронца кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава.