Рабаўніцкія пошліны на аўто ўступілі ў сілу
222- 1.07.2011, 9:13
Цуду не адбылося. Тое, чаго больш за ўсё баяліся беларускія аўтамабілісты, здарылася.
Сёння ўступілі ў сілу новыя пошліны на легкавыя аўтамабілі. Завезці ў Беларусь машыну старэйшую за 5 гадоў простаму беларусу не па кішэні.
З гэтага часу мытная пошліна для фізічных асоб зраўнялася з пошлінай, якую ўжо 1,5 гады выплачваюць юрыдычныя асобы. На самыя распаўсюджаныя ў Беларусі аўтамабілі з 5-10 гадовай гісторыяй з аб'ёмам рухавіка 2000 куб. см. размытнёўка з гэтага часу складзе 9600 еўра, нагадвае «Ежедневник».
Аматарам монасцяў пад капотам прыйдзецца раскашэліцца яшчэ больш. Пры аб'ёме рухавіка ў 3000 куб. см. за аўтамабіль старэйшы за 5 гадоў давядзецца адлічыць дзяржаве 17 100 еўра.
Зразумела, што пры такой размытнёўцы, рэдкі ужываны аўтамабіль перасячэ мытную мяжу Беларусі. Таму, як прадказваюць эксперты, кошт на другасным рынку будуць фарміраваць аўтамабілі, што састарэлі непасрэдна ў Беларусі.
Другасны аўтамабільны рынак напярэдадні пакуль ніяк не адрэагаваў на маючыя адбыцца падвышэнне пошлін. Кошты на патрыманыя іншамаркі засталіся на тым жа ўзроўні, на якім знаходзяцца апошнія тры месяцы. Гэта і не дзіўна. Крызіс пазбавіў насельніцтва і грошай, і магчымасці купіць валюту на набыццё аўтамабіля. Жадаючых жа прадаваць аўтамабіль за беларускія рублі, знайсці больш складана, чым саму валюту.
Па гэтай жа прычыне, раўнаванне пошлінаў наўрад ці ў бліжэйшы час надасць істотнае ажыўленне першаснаму аўтамабільнаму рынку. Хоць невялікае рэкламнае ажыўленне аўтадылераў ўсё ж назіраецца.
