Забойства касіркі «Абсалютбанка» так і не раскрытае
19- 20.07.2011, 13:51
Міліцыі не атрымалася адшукаць злачынцу, які здзейсніў у канцы 2009 года разбойны напад на пункт абмену валюты «Абсалютбанка» і які забіў жанчыну-касіра.
Гэта прызнаў генеральны пракурор Беларусі Рыгор Васілевіч у сераду на прэс-канферэнцыі ў Менску, перадае «Інтэрфакс».
«На жаль, распазнаць гэтага чалавека не атрымалася», - заявіў Р. Васілевіч.
Ён адзначыў, што разбойныя напады на пункты абмену валют, якія адбываліся ў Менску ў канцы 2009 года - пачатку 2010 года, сталі падставай для звароту Генпракуратуры да банкаў з патрабаваннямі ўсталяваць камеры відэаназірання ў абменных пунктах і банкаматах. Такія ж прылады, для ўзмацнення грамадскай бяспекі, былі ўсталяваныя і на іншых аб'ектах, якія наведвае вялікая колькасць людзей.
У той жа час, нягледзячы на існуючы архіў відэазапісаў, супрацоўнікі праваахоўных органаў не змаглі ўсталяваць асобу чалавека, які падазраецца ў здзяйсненні гэтага злачынства.
З іншага боку, падкрэсліў Р. Васілевіч, створаная сістэма відэаназірання дапамагла супрацоўнікам праваахоўных органаў у максімальна кароткія тэрміны ўсталяваць асобаў, якія падазраюцца ў здзяйсненні тэракту ў менскім метро.
Як раней паведамлялася, 10 снежня 2009 года неўсталяваны злачынец здзейсніў разбойны напад на пункт абмену валюты «Абсалютбанка» у менскім універсаме «Аўтазаводскі», жорстка забіў жанчыну-касіра і завалодаў грашыма.
Пазней у Менску быў здзейснены яшчэ шэраг нападаў на пункты абмену валют і банкаматы.