Перадсмяротныя канвульсіі паранаідальнай сістэмы
109- 27.07.2011, 11:49
Беларусь зараз - нібыта вулкан, які рыхтуецца да вывяржэння, піша нямецкая «Frankfurter Rundschau».
Да гэтага часу рэжым Лукашэнкі, які ўжо 17 гадоў знаходзіцца ва ўладзе, не здае сваіх пазіцый, аднак пасля фальсіфікацыі выбараў у 2010 годзе становіцца ўсё больш бачная страта кантролю, адзначае выданне (пераклад - Inopressa.ru).
Сем з дзевяці кандыдатаў на пасаду прэзідэнта Беларусі, а таксама больш за 600 мірных дэманстрантаў арыштаваныя альбо абмежаваныя ў свабодзе. На фоне крызісу недаверу да сістэмы, якая да гэтага часу з дапамогай расейскіх субсідый магла забяспечыць сціплы дабрабыт і некаторую абароненасць, краіну прыгнятае яшчэ і фінансавы крызіс. Сітуацыя ў Беларусі больш драматычныя, чым у Грэцыі. Планавая эканоміка, нізкі ўзровень прыватызацыі і крэдытны крызіс не дазваляюць Лукашэнку выканаць перадвыбарныя абяцанні - павысіць заробкі і палепшыць ўзровень жыцця, гаворыцца ў артыкуле.
Пачынаючы з чэрвеня, у краіне праходзяць акцыі пратэсту, у якіх дэманстранты не абвяшчаюць палітычных лозунгаў, а выказваюць сваю незадаволенасць маўчаннем ці апладысментамі. Занепакоеная рэакцыя ўлады выяўляецца ў несанкцыянаваных арыштах. «Гэтыя падзеі нагадваюць мне дзеянні «штазі», калі ў 1989 годзе мы арганізавалі пратэст у сувязі з фальсіфікацыяй камунальных выбараў ў ГДР. На плошчы Аляксандэрплац у Берліне кожны, хто свістаў у свісток на знак пратэсту, тут жа падвяргаўся затрыманню. Гэта былі апошнія уздрыгі паранаідальнай сістэмы», - узгадвае аўтар артыкула Вернер Шульц - былы праваабаронца ГДР, цяпер сябар фракцыі зялёных у Еўрапарламенце.
«У той жа час Масква спрабуе дыктаваць свае правілы Менску, - працягвае Шульц. - Абяцаная Расеяй мільярдная фінансавая дапамога не з'яўляецца бескарыслівай. Наўзамен Беларусь павінная будзе перайсці на расейскі рубель і прадаць Расеі шэраг важных прадпрыемстваў, а таксама аб'екты газатранспартнай сістэмы».
ЕЗ, са свайго боку, не зацвердзіць партнёрскае пагадненне да таго часу, пакуль палітычныя зняволеныя не будуць адпушчаныя на волю, а ўрад не пачне перамовы з апазіцыяй. Па патрабаванні Еўрапарламента Камісія ЕЗ абвясціла аб забароне на ўезд 188 чалавек, адказных за падтрыманне беларускага рэжыму, а таксама замарозіла рахункі фірм, якія супрацоўнічаюць з дыктатарам, паведамляе аўтар.
Еўразвяз грунтоўна перагледзеў сваю палітыку добрасуседства. У будучыні ЕЗ не будзе супрацоўнічаць з дыктатарамі, а будзе аператыўна падтрымліваць дэмакратычныя змены.