Дэпутат Бундэстага падтрымае Сяргея Казакова
2- 27.07.2011, 13:55
Дэпутат ад сацыял-дэмакратычнай фракцыі Ангеліка Граф заявіла аб сваім апякунстве над палітвязнем Сяргеем Казаковым ў межах кампаніі «Шэфства над палітвязнямі».
Некалькі месяцаў таму кампанію ініцыявала праваабарончая арганізацыя «Libereco - Partnership for Human Rights».
Асуджанаму на тры гады калоніі ўзмоцненага рэжыму актывісту «Еўрапейскай Беларусі» Сяргею Казакову 19 гадоў. Гэта адзін з самых маладых фігурантаў па справе 19 снежня, піша радыё «Свабода».
- Сяргей Казакоў быў арыштаваны за тое, што мірным шляхам змагаўся за дэмакратычную Беларусь. Сваёй падтрымкай Казакова я хацела б адкрыта звярнуць увагу як на ягоны лёс, так і на лёс ягоных таварышаў-зняволеных. Дзеянні беларускай дзяржавы непрымальныя для мяне, бо яны парушаюць асноўныя правы чалавека, свабоду думкі, сходаў і аб'яднанняў. Я заклікаю ўлады Беларусі - краіны, якая падпісалася пад Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах - памятаць свае абавязацельствы і нарэшце выконваць іх, - адзначыла ў сваёй заяве нямецкі палітык Ангеліка Граф.
Мэта кампаніі «Шэфства над палітвязнямі» - забяспечыць кожнаму палітвязню ў Беларусі і ягонай сям'і маральны і іншую падтрымку з боку еўрапейскіх палітыкаў. Апекуны бяруць на сябе абавязальніцтвы сачыць за праблемамі таго ці іншага палітвязня, дапамагаць, у тым ліку і матэрыяльна, ягонай сям'і, распаўсюджваць інфармацыю пра палітвязняў у Беларусі, каб дамагчыся іхняга вызвалення.
Сёння аб удзельніках Плошчы персанальна клапоцяцца ўжо 13 еўрапейскіх палітыкаў.