Генпракуратура правярае інфармацыю аб сітуацыі ў Глыбоцкай калоніі № 13
21- 29.07.2011, 12:57
У папраўчай калоніі № 13 у Глыбокім некалькі зняволеных, не вытрымаўшы здзекаў з боку супрацоўнікаў калоніі, паспрабавалі скончыць жыццё самагубствам.
Генеральная пракуратура арганізавала праверку інфармацыі пра галадоўку і спробы суіцыдаў у Глыбоцкай калоніі № 13. Як паведамілі БелаПАН у Генпракуратуры, сітуацыя ў калоніі вывучаецца.
У МУС пракаментаваць сітуацыю паабяцалі пазней.
Інфармацыя аб падзеях у Глыбоцкай ВК-13 была распаўсюджаная ў СМІ 28 ліпеня інфармацыйна-асветніцкай установай «Платформа», якае займаецца пытаннямі захавання заканадаўства ў папраўчых установах.
Паведамлялася, у прыватнасці, што некалькі зняволеных калоніі спрабавалі скончыць жыццё самагубствам. Як паведаміў БелаПАН дырэктар установы «Платформа» Андрэй Бандарэнка, звесткі паступілі ад чалавека, які нядаўна вызваліўся з ВК-13. Па ягоных словах, у чэрвені зняволеныя абвясцілі галадоўку, пратэстуючы супраць жорсткага абыходжання з боку адміністрацыі калоніі, у тым ліку - прымянення фізічнай сілы. Удзельнікі галадоўкі патрабавалі сустрэчы з генеральным пракурорам Беларусі.
«У адказ адміністрацыяй калоніі ў перыяд з 16 па 22 чэрвеня было здзейсненае масавае збіццё асуджаных. Большасць з тых, хто падвергся такім мерам, не маглі перасоўвацца самастойна, аднак медыцынская дапамога ім не аказвалася. Некаторыя былі вымушаныя звярнуцца да экстрэмальных мераў самаабароны - спробаў суіцыду. Так, асуджаныя Канцява і Чыкін, не знаходзячы іншых сродкаў абароны сваіх правоў і годнасці, парэзалі сабе вены і жывот», - распавёў Андрэй Бандарэнка.
1 жніўня ў Менску плануецца прэс-канферэнцыя, на якой журналістам абяцаюць распавесці падрабязнасці. Чакаецца, што ў ёй будуць удзельнічаць сведкі катаванняў, імёны якіх не называюцца з меркаванняў іхняй бяспекі.
27 ліпеня ўстанова «Платформа» накіравала ў дэпартамент выканання пакаранняў МУС, Генеральную пракуратуру і ўпраўленне ўласнай бяспекі МУС зварот з патрабаваннем расследаваць інцыдэнты ў папраўчай калоніі № 13 горада Глыбокае.