Былая прэм'ерка Украіны Юлія Цімашэнка арыштаваная
100- 5.08.2011, 17:11
Пячэрскі раённы суд Кіева 5 жніўня абраў для былой кіраўнічкі кабінета міністраў Украіны Юліі Цімашэнка меру стрымання ў выглядзе арышту.
У пастанове аб распачацці справы сцвярджаецца, што Цімашэнка ў бытнасць прэм'ер-міністрам прыняла аднаасобнае рашэнне аб перамовах з «Газпрамам» (хоць пытанне павіннае было вырашацца урадам калегіяльна) і пагадзілася на пастаўкі газу на нявыгадных для Украіны умовах. У выніку дзяржаве, як сцвярджае пракуратура, была нанесеная шкода ў паўтара мільярда грывень (каля 187 мільёнаў даляраў). У дачыненні да Цімашэнка, як паведамлялася, пададзены пазоў на паказаную суму, паведамляе Delfi.Ua.
Пасля адстаўкі Цімашэнка з пасады прэм'ера і змены кіраўніцтва ва Украіне новыя ўлады завялі на экс-прэм'ерку і іншыя крымінальныя справы (у прыватнасці, аб незаконным выдаткоўванні сродкаў, атрыманых Украінай ад продажу квотаў на выкіды парніковых газаў). Сама Цімашэнка абвяргае абвінавачванні ў свой адрас і вінаваціць ўлады ў палітычных пераследах.
Раней суд адхіляў усе хадайніцтвы пракурораў аб змяненні меры стрымання з падпіскі аб нявыездзе на ўзяцце пад варту. Цімашэнка пагражае ад 7 да 10 гадоў турэмнага зняволення.
Да арышту ў дачыненні да Цімашэнка была абраная мера стрымання ў выглядзе падпіскі аб нявыездзе.
Падставай для змены меры стрымання для Цімашэнка з падпіскі аб нявыездзе на ўзяцце пад варту, як сказана ў рашэнне суда, з'яўляецца «сістэмныя парушэнні падсуднай, у прыватнасці, яна перашкаджала допыту сведак».
Акрамя таго, у сваім рашэнне суддзя паказаў, што падсудная свядома зацягвае працэс. Ён таксама звярнуў увагу, што падсудная неаднаразова адмаўлялася назваць адрас свайго пражывання, не папярэдзіла суд аб сваім спазненні 5 жніўня.
Улічваючы, што знаходзячыся на падпісцы аб нявыездзе, яна можа ўхіляцца ад следства, прынятае рашэнне аб змене ёй меры стрымання.
Фота: reuters