28 сакавiка 2024, Чацвер, 17:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ніл Гілевіч: «Мы сёньня працуем у вельмі ненармальных умовах»

29
Ніл Гілевіч: «Мы сёньня працуем у вельмі ненармальных умовах»

30 верасьня Ніл Гілевіч сьвяткуе сваё 80-годзьдзе.

Народны паэт Беларусі, прафэсар Белдзяржунівэрсытэту, аўтар больш як васьмідзесяці кніг паэзіі, публіцыстыкі, літаратуразнаўчых прац і перакладаў, былы старшыня камісіі па адукацыі, культуры і захаваньні гістарычнай спадчыны ў Вярхоўным Савеце XII скліканьня, стваральнік Рэспубліканскага таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны прымае віншаваньні ад родных, сяброў і тысячаў прыхільнікаў ягонай творчасьці. Дзяржаўныя структуры і мэдыі, за выняткам літаратурных часопісаў «Полымя» і «Маладосьць», гэту дату ў жыцьцяпісе аднаго з двух апошніх народных паэтаў Беларусі не заўважылі, паведамляе «Радыё Свабода»/

Да сёньняшняй круглай даты ў жыцьцяпісе Ніла Гілевіча можна далучыць яшчэ адну — 65-годзьдзе творчага шляху. Першыя выступы ў друку будучага народнага паэта датаваныя 1946-м годам. Пра свайго старэйшага сябра гаворыць паэт і грамадзкі дзеяч Генадзь Бураўкін:

«Гэта ня толькі паэт, яркі, цікавы паэт (для мяне ён перш за ўсё лірык), гэта ня толькі вучоны, вельмі дасьведчаны, вельмі глыбокі, гэта яшчэ і вельмі апантаны, прынцыповы грамадзкі дзеяч. І мне здаецца, што калі мы гаворым пра Беларусь апошняга часу, то мы заўсёды зьвязваем яе і зь імем Ніла Гілевіча. Так, як ніколі краіна ня можа жыць без сваіх выдатных дзеячаў, так Беларусь апошняга часу нельга ўявіць бязь імені Ніла Гілевіча».

Калі мы гаворым пра Беларусь апошняга часу, то мы заўсёды зьвязваем яе і зь імем Ніла Гілевіча.

Зь імем дэпутата Вярхоўнага Савету БССР 11–12 скліканьняў Ніла Гілевіча самым непасрэдным чынам зьвязанае прыняцьце заканадаўчых дакумэнтаў аб дзяржаўнасьці беларускай мовы. Ён быў заснавальнікам і першым старшынёй Рэспубліканскага таварыства беларускай мовы. І калі б ён зрабіў у сваім жыцьці толькі гэта, то ўжо было б дастаткова, каб застацца на старонках гісторыі незалежнай Беларусі, лічыць цяперашні кіраўнік арганізацыі Алег Трусаў.

«У аснову ТБМ Гілевіч паклаў унівэрсальны прынцып, які нас яднае ўжо 25 гадоў, — толькі мова. Сюды ўступаюць людзі незалежна ад веравызнаньня, нацыянальнасьці, паходжаньня, грамадзянства, усе, хто любіць і хоча захаваць адну з самых прыгожых славянскіх моў — беларускую мову. І вось дзякуючы ўнівэрсальнасьці, закладзенай Гілевічам у Статут ТБМ, арганізацыя жыве, ну і, я б сказаў, даволі пасьпяхова дзейнічае».

Сам паэт даволі скрушна глядзіць на цяперашні стан беларушчыны ў Беларусі. На пытаньне, пры якіх абставінах беларусы нарэшце зразумеюць, што мова і культура — гэта іх найпершы і найвялікшы нацыянальны скарб, ён сказаў:

«Пры абставінах, што ўсе тыя, хто сёньня гэта разумее, будуць працаваць на гэтую ідэю, на гэтую мэту. Само ж па сабе не дасягаецца такое, ня робіцца. Трэба працаваць зь людзьмі, як, скажам, пэдагог працуе са студэнтамі. Што ж датычыць іншых абставін — гаворка ідзе пра становішча грамадзка-палітычнае ў нашай краіне — то гэта ўжо залежыць ад таго, хто будзе кіраваць нашай дзяржавай, ад тых пасад, дакладней, на якіх людзі могуць нешта зрабіць і дапамагчы тым, якія сёньня разумеюць, што трэба рабіць. Бо мы сёньня, тыя, якія разумеюць, працуем у вельмі ненармальных умовах».

Пра ненармальнасьць умоваў для нацыянальнага самапачуваньня беларусаў ва ўласнай краіне сьведчыць і тое, што да 80-годзьдзя народнага паэта Ніла Гілевіча няма адмысловых праграмаў на дзяржаўным тэлебачаньні і радыё, гэтую дату абышлі афіцыйныя друкаваныя мэдыі, яна нават не пазначаная ў календары «Родны край» і газэце «Літаратура і мастацтва».

Напісаць каментар 29

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках