9 чэрвеня 2026, aўторак, 11:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прадпрымальнік абрабаваў банк

24
Прадпрымальнік абрабаваў банк

20-гадовы індывідуальны прадпрымальнік з Кобрына, якія раней не прыцягваўся да крымінальнай адказнасці, асуджаны за разбойны напад на аддзяленне банка.

Пра гэта паведаміў БелаПАН намеснік начальніка аддзела пракуратуры Брэсцкай вобласці Генадзь Буры.

4 сакавіка кобрынец прыехаў у Пружаны. Прыкладна ў 11 гадзін раніцы ў чорнай шапачцы, сонцаахоўных акулярах, прыкрыўшы твар чорным шалікам, ён зайшоў у памяшканне аддзялення аднаго з банкаў, дзе знаходзілася толькі касірка. Хлопец падышоў да жанчыны, і яна сказала яму: «Вы так падобныя да рабаўніка». На што малады чалавек адказаў: «А я і ёсць рабаўнік». Пасля гэтага, пагражаючы касірцы прадметам, падобным да пісталета, запатрабаваў грошы. Ён завалодаў 13.300 расейскімі рублямі, 3.128 далярамі ЗША, 1.885 еўра, 50 польскімі злотымі і схаваўся. 4 красавіка хлопец быў затрыманы ў Кобрыне.

24 чэрвеня суд Пружанскага раёна прызнаў яго вінаватым у здзяйсненні разбою ў буйным памеры (ч. 2 ст.207 КК) і прысудзіў да шасці гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці.

Да вынясення прысуду сваякі маладога чалавека пакрылі прычыненую матэрыяльную шкоду банку ў поўным аб'ёме.

Як адзначыў Буры, у судзе жыхар Кобрына прызнаў сваю віну часткова. Ён заявіў, што быў вінен свайму знаёмаму 2.100 даляраў ЗША, якія яму трэба было аддаць да 4 сакавіка. У бацькоў ён не стаў прасіць грошай і вырашыў выкрасці іх у адным з банкаў у Пружанах, узяўшы з сабой цацачны пісталет. Па словах асуджанага, ён аддаў доўг знаёмаму, астатнія грошы спаліў.

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках