Андрэй Дзмітрыеў выключаны з АГП
18- 11.01.2012, 8:15
Увечары 10 студзеня на пасяджэнні Менскага гарадскога савета Аб'яднанай грамадзянскай партыі з партыйных шэрагаў выключаны Андрэй Дзмітрыеў.
Кіраўнік штаба кандыдата ў прэзідэнты на выбарах-2010 Уладзіміра Някляева «нанёс палітычную шкоду партыі», паведаміў прэс-службе АГП старшыня Менскай гарадской арганізацыі АГП Анатоль Паўлаў:
«А палітычная шкода відавочная. Возьмем мінулыя выбары. Упершыню партыя рашэннем з'езда вылучыла свайго кандыдата ў прэзідэнты. Пры гэтым Дзмітрыеў, быў не проста шараговым сябрам партыі, а сябрам Нацыянальнага камітэта і кіраўніком Міжнароднай камісіі АГП, дэманстратыўна займаўся кіраўніцтвам штаба абсалютна іншага кандыдата. Як гэта разглядаць, калі не палітычную шкоду? І другі момант - ягоная заява, якая прагучала па беларускім тэлебачанні пасля 19 снежня 2010 года.
Трэба аддаць належнае Яраславу Раманчуку - пасля сваёй заявы па БТ ён напісаў заяву і выйшаў з партыі. Дзмітрыеў не палічыў гэта патрэбным. Не сумняюся, ён яшчэ зладзіць валтузню вакол свайго выключэння. Тым больш цяпер, калі агучыў свае планы аб стварэнні левацэнтрысцкай партыі, што, дарэчы, ужо ідзе насуперак з ідэалогіяй АГП. Ён павінен быў сам пайсці, але не зрабіў гэтага. Таму гарсавет прыняў такое рашэнне».