НЗ: перакуліліся тры аўтобусы з пасажырамі (Фота)
27- 15.01.2012, 15:01
Моцныя снегапады ў Беларусі прывялі да рэзкага павелічэння аварый на дарогах.
На шашы Менск - Мядзель каля вёскі Паперня (Менскі раён) перакуліўся турыстычны аўтобус. Як пазней паведамілі ў МНС, аўтобус МАЗ, які ехаў па маршруце Паставы-Менск, паблізу в. Лускова Папярнянскага сельсавета Менскага раёна з'ехаў у кювет і перакуліўся на бок. У аўтобусе знаходзілася 44 чалавекі (42 пасажыры, 1 кіроўца, 1 экскурсавод), якія самастойна выбраліся з салона. Транспарт быў арандаваны для турыстычнай паездкі супрацоўнікаў аднаго са сталічных прадпрыемстваў і іхніх сем'яў, паведамляе TUT.by.
Да месца ДТЗ выязджалі больш за 40 адзінак тэхнікі: МНС і брыгады хуткай медыцынскай дапамогі.
У лякарні былі дастаўленыя 34 пасажыры. Паводле інфармацыі, атрыманай ад медыкаў, шпіталізацыя спатрэбілася 19-ці пацярпелым (у тым ліку - траім дзецям). Астатнія пасажыры адправіліся ў Менск іншым аўтобусам прадпрыемства, якому належыць МАЗ, які перакуліўся.
На месца аварыі выязджала спецтэхніка МНС, каб падняць аўтобус. Расследаванне прычыны і акалічнасцяў ДТЗ праводзіць ДАІ Менскага раёна.
З-за пагаршэння ўмоваў надвор'я гэта не адзінае падобнае ДТЗ за апошнія суткі. Увечары 13 студзеня ў Гродзенскай вобласці патрапілі ў ДТЗ два аўтобусы: рэйсавы аўтобус Брэст-Ліда пераперакуліўся вярнуўся ў Дзятлаўскім раёне. У Шчучынскім раёне перакуліўся маршрутны аўтобус з пасажырамі, якi ажыццяўляў рэйс Смаргонь-Гродна.
Як паведамляла ДАІ Менскай вобласці ў суботу, толькі за гадзіну (на 20.10 14 студзеня) па вобласці зарэгістравана больш за 20 ДТЗ з пацярпелымі.






